Раман Мацвеевіч Семашкевіч. (1 кастрычніка 1900, Лебедзеўка, Віленскай губ. — 22 снежня 1937, Бутаўскі палігон пад Масквою, Расія), беларускі і расійскі жывапісец і графік. Удзельнік мастацкай суполкі "Трынаццаць". Асуджаны (20.12.1937) «тройкай» НКВД за «контррэвалюцыйную агітацыю» і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 г.b, d
Біяграфія. Нарадзіўся (1.10.1900) у мястэчку Лебедзева Вілейскага павета Віленскай губерніі (зараз Маладзечненскі р-н). Быў адным з шаснацццаці дзяцей вясковага садавода Мацвея.2 (ст.14)
Пасля трапіў у Прытулак для дзяцей з маламаёмасных сем'яў і дзяцей-сіротаў, які з 1920 г. знаходзіўся пры Віленскай беларускай гімназіі і якім апекаваўся ксёндз Адам Станкевіч. У Прытулку праявіліся яго мастацкія здольнасці. Па ўспамінах Янкі Багдановіча, аднойчы будучы мастак намаляваў вуглём на сцяне спальнага пакою "Укрыжаванне Хыста", да якога ранкам і вечарам дзеці і падлеткі прыходзілі мадліцца. Пад час знаходжання ў Прытулку вылучаўся працаздольнасцю і ўсебаковай захопленасцю: маляваў, ляпіў і нават спрабаваў граць на мандаліне.2 (ст.14)
З Прытулку паступіў у Віленскую беларускую гімназію (ВБГ). Пад час вучобы афармляў рукапісны гімназічны часопіс "Рунь" (1923 г.): маляваў партрэты выкладчыкаў і сцэны з жыцця гімназіі. Мастацкую адукацыю пачаў атрымліваць у майстэрні-студыі Язэпа Драздовіча, якая знаходзілася пры гімназіі (па іншых звестках - у мастацкай школе Браніслава Тарашкевіча). 2 (ст.14), a, b
З пачатку 20-х гг. у Віленскай беларускай гімназіі выкладаюць М. Гарэцкі, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Грыневіч. У гімназіі і ва універсітэце ладзіліся літаратурныя вечарыны, працаваў лекторый, ставіліся спектаклі. Разам з Семашкевічам вучацца будучыя мастакі М. Васілеўскі і В. Сідарэвіч, будучыя паэты Алесь Салагуб і Хведар Ільяшэвіч.2 (ст.14)
Яшчэ падчас вучнёуства ў гімназіі, у 1922 г. уступіў у Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), што не магло быць незаўважаным з боку польскіх уладаў.2 (ст.14), f
У 1924 г. ляснымі сцежкамі, праз "зялёную мяжу" нелегальна перабіраецца ў БССР. Спачатку жыве ў Менску, потым перабіраецца ў Віцебск. У гэтым жа годзе ўпершыню экспануецца ў Кіеве (1-я профессиональная выставка секции ИЗО Всерабиса).1 (ст. 192), 2 (ст.14)
У перыяд 1025 - 1927 гг. у Віцебску вучыцца ў мастацкім тэхнікуме на скульптурным аддзяленні, якім даводзіў М. Керзін. Пад кіраўніцтвам камісіі Інбелкульта студэнты і выкладчыкі тэхнікума ладзяць этнаграфічныя і краязнаўчыя экспедыцыі па Беларусі. У 1925-1926 гг. у тэхнікуме пачалі выкладаць гісторыю беларускага мастацтва.1 (ст. 192), 2 (ст.14)
У 1927 г., як адзін з лепшых студэнтаў, разам з М. Філіповічам накіроўваецца ў Маскву, дзе паступае ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут (ВХУТЕИН) на аддзяленне жывапісу, які скончыў ў 1930 г. Вучыўся ў С. Герасімава, А. Дрэвіна, Д. Кардоўскага.1 (ст. 192), 2 (ст.14), b
Яшчэ да заканчэння ВХУТЭІНа яго творчасць становіцца вядомай і прызнанай. Яго творы набываюць Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя, Мікалаеўскі музей імя Верашчагіна, музеі Фрунзэ і Таганрога, рэспубліканскія музеі Чэбаксараў і Мінска, а таксама прыватныя калекцыянеры.2 (ст.14)
У 1931 г. ён прымае ўдзел у 3-й выставе суполкі "Трынаццаць", якая прайшла ў актавай зале МГУ. Значнай падзеяй у яго жыцці быў шлюб з Н.М. Васільевай.2 (ст.14)
30.10.1931 г. ў Маскве на Вялікай Дзмітраўцы адбылася яго першая персанальная выстава, на якой было прадстаўлена 200 жывапісных твораў і каля сотні малюнкаў. Водгук на выставу быў змешчаны ў газэце "Савецкае мастацтва". Высокую адзнаку яго творчасці далі Н. Удальцова, Ю. Алеша (Ю. Олеша), І. Ільф, Т. Маўрына (Т. Маврина), М. Харджыеў (М. Харджиев), Д. Штеренберг.2 (ст.14), b
У 1932 г. мастак ажыццявіў творчую паездку па Беларусі. У Мінску ён пабачыўся з сябрам юнацтва - паэтам Алесем Салагубам, сустрэўся з Янкай Купалам і Якубам Коласам, што ім было зафіксавана ў малюнках, зрабіў групавы партрэт М. Галадзеда, М. Гікалы і А. Александровіча. У Мінску ён сустрэўся і са сваім гімназічным настаўнікам Антонам Грыневічам, якога таксама зрабіў замалёку. Там жа сустрэў і яшчэ аднаго гадаванца ВБГ, тады ўжо спелага паэта - Валянціна Таўлая, партрэт якога ў выкананні Р. Семашкевіча знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску. Падчас паездкі па Беларусі мастак ладзіць персанальныя выставы ў Петрыкаве і Мазыры.2 (ст.14-15)
У гэтым жа 1932 г. яго прымаюць ў Маскоўскае аб'яднанне мастакоў (МОСХ). У тым жа годзе ў складзе навукова-даследчай экспедыцыі едзе на Паўночны Урал. У наступным годзе ён зімуе на метэаралагічнай станцыі Паўднёвага Урала на гары Вялікі Таганай. Пазней мастак напіша, што за час гэтай вандроўкі "намаляваў каля 200 маленькіх эцюдаў".2 (ст.15)
Пасля вяртання з Уралу, верагодна ў Маскве сустракаўся з Браніславам Тарашкевічам, які з'явіўся там ў 1933 г. У 1935 (1934?) г. адбываецца першы арышт Р. Семашкевіча, але праз шэсць дзён яго адпусцілі.2 (ст.15), f
Хутка мастак апыняецца ў цяжкім матэр'яльным становішчы. З прычыны нястачы палатна, маляваць даводзілася на прасцінах, кардоне, кавалках фанеры. Іншым часам замалёўваў папярэднія працы.2 (ст.15)
На чарзе яго творчых паездак быў Залатавустаўскі металургічны завод. У Залатавусце ён зладзіў сваю чарговую персанальную выставу. Падчас падоыхтоўкі да выставы "Індустрыялізацыя" вандруе па Алтаю, малюе панараму Рыдзера (Ленінагорск) і зноў арнанізуе персанальную выставу. Разам з тым працуе ў якасці ілюстратара ў часопісе "30 дзён".2 (ст.15)
За перыяд з 1931 па 1936 гг. ён удзельнічаў у дзесяці выставах і, у дадатак, наладзіў пяць персанальных выставак. На тэрыторыі Навадзевічага манастыра ў адной з вежаў на трэцім паверсе знаходзілася майстэрня мастака, якую таму знайшоў Ул. Татлін, чый легендарны лятальны апарат “Летатлін” захоўваўся ў той самай вежы паверхам ніжэй. Л. Н. Карчэмкін (Л. Н. Корчемкин) пісаў: “Усё жыццё для яго было засяроджана на жывапісу. Майстэрня яго была завалена тысячамі палотнаў і кардонаў... Ён не шукаў ні ўшанаванняў, ні славы. Ён быў безсрэбранікам. Гэта быў ні з кім не параўнальны мастак. Апісаць словамі яго творчасць немагчыма. Сіла ўздзеяння яго палотнаў была неадольнай".2 (ст.15), f
У 1937 г. Семашкевіч едзе ў Лепель і пасля рыхтуецца да новай персанальнай выставы.2 (ст.15)
Уначы з 1 на 2 лістапада 1937 г. у камунальнай кватэры (Успольны зав., д.17, кв.9/10), дзе ён жыў з цяжарнай жонкай (ёй тады было 24 гады) з'явіліся супрацоўнікі НКВД. Семашкевіч быў арыштаваны і дасталены ў Таганскую турму. Яго абвінавачвалі ў контррэвалюцыйнай фашысцкай агітацыі і шпіянажы на карысць Польшчы (два браты, дзве сястры і маці мастака пражывалі на тэрыторыі тогачаснай Польшчы; аднаго гэтага было дастаткова для абвінавачвання).2 (ст.15), d, f
У апячатаным десяціметровым пакоі ў камунальнай кватэры засталіся працы Семашкевіча. 19.12.1937 г. прыехалі супрацоўнікі НКВД і ў прысутнасці упраўдома, але без панятых і без вопісу пагрузілі працы ў машыну і адвезлі. Цудам ацалелі 60 карцін і альбом графікі; на момант арышту яны знаходзіліся ў маці жонкі Семашкевіча.f
Праз тыдзень пасля арышту пачаліся допыты Семашкевіча, якія потым паўтараліся праз ноч. Першы допыт складаўся з аднаго пытання і аднаго одказа. “Пытанне: Вы абвінавачваеціся ў контррэвалюцыйнай агітацыі фашысцкага характару. Прызнаеце сябе вінаватым? Адказ: Вінаватым сябе не прызнаю.”
Наступны допыт 7 снежня пачынаецца словамі: “На папярэдніх допытах Вы паказалі...” Але ніякіх папярэдніх допытаў у справе няма. Семашкевіча выклікалі яшчэ 15 і 16 снежня 1937 г. Пасля кароткага апошняга допыта 16 снежня ў справе маецца запіс следчага: “Допыт прыпыняецца з-за катэгарычнай і безматыўнай адмовы обвінавачанага Семашкевіча даваць сведчанні” - рэч, якая амаль не здаралася ў тыя гады ў сценах НКВД.f, 2 (ст.15)
Адмова Семашкевіча даваць сведчанні не паўплывала на вынік следства. Для падобных выпадкаў мелася наступная фармуліроўка: “Віну сваю не прызнаў, але поўнасцю выкрываецца паказаннямі сведкаў”. Не дабіўшыся выніку, НКВД пачалі ціск на "сведкаў", галоўным з якіх быў былы настаўнік Семашкевіча - А. Дрэвін. Патрэбныя паказанні былі выбіты і 20.12.1937 г. "тройка" НКВД прыгаварыла Р. Семашкевіча да расстрэлу. Праз два дні (22.12.1937 г.) прысуд быў выкананы на Бутаўскім палігоне пад Масквою.2 (ст.15), f
Пошукі твораў Семашкевіча, якія праводзіла Надзея Міронаўна Васільева, жонка мастака, пасля яго смерці былі безвыніковыя. Як высветлілася з перапіскі з тайным ведамствам, яго працы ў 1937 г. былі здадзены на захаванне у АХУ НКВД, склад канфіскаваных рэчаў якога знаходзіўся ў былым маёнтку Пакроўскае-Глебава. У 1940 г. пасля запытаў Васільевай была зроблена ацэнка і складзены акт аб перадачы карцін Семашкевіча са склада АХУ ў Дзяржфонд — “у даход дзяржавы”. Але вопіс утрымліваў усяго толькі 173 назвы.f
2.06.1958 Р. Семашкевіч быў рэабілітаваны. Альбомы аб яго творчасці былі выдадзены ў Маскве яго жонкай Н.М. Васільевай, якой гэта каштавала таксама немала высілкаў. Творы мастака знаходяцца у Траццякоўскай галерэі і ў Мастацкім музеі імя А.С. Пушкіна у Маскве і іншых сабраннях.2 (ст.15), d, a
Фотагалерэя
(Фота з кнігі1 (ст.132, 133) і сайтаў: http://www.martyr.ru), http://persona.rin.ru, http://butovo37.ru) |
| Р. Семашкевіч |
Афіша 3-й выставы суполкі "13". 1931 г. |
Вокладка каталога 3-й выставы суполкі "13". 1931 г. |
Р. Семашкевіч |
Бутаўскі палігон - месца масавых расстрэлаў (каля 21000 чалавек). |
|