Бронзавы век  
  Пач. 2-га тыс. - VIII-VII ст. да н.э.  

Міграцыі індаеўрапейскіх плямён паклалі пачатак новай эры, але ў адрозненне ад Заходняй Еўропы, бронзавы век на тэрыторыі Беларусі быў шмат у чым працягам каменнага. З-за адсутнасці мясцовай сыравіны пераважная большасць прылад працы і зброі па-ранейшаму выраблялася з крэмяню. Аднак новая эпоха прынесла значныя гаспадарчыя, сацыяльныя і палітычныя пераўтварэнні. Асаблівасцямі новай эпохі сталі ўдасканаленне апрацоўкі каменных вырабаў і вытворчасці керамікі, паступовае ўзрастанне дамініруючай ролі жывёлагадоўлі і земляробства, пераход да патрыярхальнага грамадства.

90000 г. да н.э.- VIII ст. IX - пач. XIII ст. XIII ст. - 1569 г. 1569 - 1795 гг. кн. XVIII ст. - 1917 г. 1917 - 1991 гг.
<< >>
 

Рассяленне індаеўрапейцаў
3-е - пач. 2-га тысячагоддзя да н.э. - рассяленне індаеўрапейцаў у Еўропе
Пач. 2-га тысячагоддзя да н.э. - IV-V ст. да н.э. - балцкі перыяд гісторыі Беларусі7
Баявыя каменныя сякеры культуры шнуравой керамікі 1-й пал. 2-га тысячагоддзя да н. э. (Пухавіцкі, Старадарожскі і Пінскі р-ны). (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Мінск).
Фота В. Бараноўскага.4

У 3-м тысячагоддзі да н.э. ў Еўропе адбываліся бурлівыя міграцыйныя працэсы, звязаныя з распаўсюджаннем на прасторах кантынэнта індаеўрапейскага насельніцтва. Яно складала адзіны народ, размаўляла на адзінай мове альбо блізкіх дыялектах.3 (ст.74) Міграцыя індаеўрапейцаў са сваёй прарадзімы, якая на думку большасці даследчыкаў знаходзілася ў Пярэдняй Азіі, адбывалася на працягу тысячагоддзяў і суправаджалася змешваннем з мясцовым насельніцтвам. Дзякуючы значнай колькасці і вышэшаму ўзроўню культуры старажытныя індаеўрапейцы пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам перамагалі яго і асіміліравалі.7 (ст.14) У выніку змешвання з мясцовымі этнічнымі групамі яны трацілі сваю еднасць і распадалася на асобныя групы плямёнаў. Аказваючы значны ўплыў на мясцовыя культуру і адначасова пераймаючы некаторыя мясцовыя традыцыі, індаеўрапейцы паклалі пачатак фарміравання многіх еўрапейскіх этнасаў.

Шматверагодна што ў пачатку асваення Еўрапейскай тэрыторыі індаеўрапейцы займалі паўночнапрычэрнаморскія і прыволжскія стэпы альбо шырэйшую прастору і ў 2-м тысячагоддзі да н.э. большасць Еўропы была ужо заселена індаеўрапейскім насельніцтвам.1 (ст.65) На думку некаторых даследчыкаў да індаеўрапейскага этнасу маглі належаць таксама позненеалітычныя культуры лейкападобных кубкаў і шарападобных амфар.

Адным з этапаў індаеўрапеізацыі значных прастораў Сярэдняй і Усходняй Еўропы прынята лічыць распаўсюджанне культур шнуравой керамікі1 (ст.65), якая таксама мае назву культуры лодкападобных і баявых сякер, адзіночных пахаванняў і інш.2 (ст.658) У канцы 3-га - пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. плямёны культур шнуравой керамікі і вытворныя ад іх культуры асвоілі прасторы Еўропы ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе і ад сучасных межаў Фінляндыі на поўначы да Сярэдняга Падняпроўя і Карпат на поўдні.1 (ст.65) На тэрыторыі, якая ахоплівала басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны і Верхняга Падняпроўя, у выніку асіміляцыі прышлымі плямёнамі мясцовага неалітычнага насельніціва і ўзаемаўпываў культур, сфарміраваўся новы этнас - балты.7 (ст.15) Аналагічныя працэсы ляглі ў аснову фарміравання і славянскай супольнасці. Звязваючы этнічныя працэсы на тэрыторыі Беларусі з арэалам фарміравання балтскіх культур, шэраг даследчыкаў вызначылі перыяд, які пачаўся з рассяленем носбітаў шнуравых культур і доўжыўся ўвесь бронзавы і жалезны век, як балцкі этап у этнічнай гісторыі Беларусі.7 (ст.15)

(Апошняя рэдакцыя: 9.02.2009)

Пачатак бронзавага веку
Пач. 2-га тысячагоддзя - XVI-XV ст. да н.э.
Праца старажытных крэмнездабытчыкаў у шахце.3

На поўдні Беларусі прышлыя плямёны культур шнуравой керамікі пачалі змешвацца з неалітычным насельніцтвам днепраданецкай культуры. Находнікі ўжо карысталіся бронзавымі вырабамі, займаліся больш прадуктыўнай формай гаспадаркі і жылі ў наземных пабудовах слупавой канструкцыі 5 (ст.15). У працэсе змешвання з тутэйшым насельніцтвам сфарміраваліся асобныя культуры шнуравой керамікі, якая атрымала назву сярэднядняпроўскай. Іншыя плямёны шнуравікоў засялялі паўдневы захад Беларусі, утвараючы культуру шнуравой керамікі Палесся, і паўночны захад, дзе з'явілася культура шнуравой керамікі Панямоння1 (ст.69) альбо Прыбалтыйская культура2 (ст.518). У Паазер'і, у выніку сінтэза мясцовай познанеалітычнай культуры і прышлых носбітаў культур шнуравой керамікі, сфарміравалася надзвычай самабытная паўночнабеларуская культура.1 (ст.69)

Развіццё бронзавай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі з-за адсутнасці радовішчаў руды залежала ад імпарту сыравіны. У прыватнасці, на поўдзень Беларусі металічныя вырабы альбо сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-карпацкага металургічных рэгіёнаў1 (ст.83). Аб развіцці ўласнай вытворчасці бронзавых вырабаў сведчаць некаторыя знаходкі на помніках насельніцтва сярэднядняпроўскай культуры.1 (ст.78).

У сувязі са складанасцямі развіцця металаапрацоўкі вялікую ролю працягваў адыгрываць камень, з якога на працягу ўсяго бронзавага веку выраблялі большасць зброі і прылад працы, асабліва сякер, якія былі неабходныя для вырубкі лясоў пад пашу ў сувязі з пашырэннем земляробства. Па гэтай прычыне ўзрос попыт на высокаякасны крэмень, які можна было здабыць ў тоўшчы крэйдавых адкладаў і дзяля яго здабычы якога яшчэ ў канцы неаліту пачалі капаць крэмнездабыўныя шахты,3 (ст.58) разам з якімі дзейнічалі спецыялізаваныя майстэрні па вырабу нарыхтовак сякер, якія пераважна ішлі на абмен.1 (ст.84) Найбольшага росквіту дасягнула майстэрства шліфавання і свідравання каменных вырабаў. Акрамя крамяню для вытворчасці прылад працы і зброі выкарыстоўваліся і іншыя пароды камяню.

Вялікія змены ў тэхналогіі апрацоўкі камяню ў першую чаргу былі звязаны з распаўсюджаннем шліфавання і свідравання вырабаў. Па-ранейшаму значную распаўсюджанасць мелі вырабы з рогу і косці, асабліва на поўначы Беларусі беднай на крамянёвую сыравіну. У вытворчасці керамікі набыў пашырэнне пласкадонны посуд і значна павялічыўся яго асартымент і яго арнаментацыя. Шырокае распаўсюджанне набывае ткацтва.

Каменныя шліфаваныя сякеры і іншыя крэмневыя прылады працы і зброі служылі для абменаў з іншымі рэгіёнамі, дзе адсутнічалі радовішчы крэмяню. Важным і даволі прэстыжным прадметам іпарту, акрамя бронзавых вырабаў і сыравіны, быў бурштын, які з узбярэжжа Балтыйскага мора праз дзаінскі бурштынавы шлях трапляў на тэрыторыю Беларусі і за яе межы.1 (ст.83)

Вытворчая форма вядзення гаспадаркі з прыходам плямён культур шнуравой керамікі, якія з'яўляліся аселымі жывёлаводамі і земляробамі, стала паўсюднай1 (ст.79) і паступова займала дамінуючае становішча. Разам з тым вялікую ролю працягвала адыгрываць паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва.

Значныя змены ў гаспадарцы і з'яўленне новага насельніцтва прывялі да ўзвышэння ролі мужчын і паўплывалі на светапогляд тагачаснага грамадства і узбагацілі яго шэрагам новых рысаў індаеўрапейскай міфалогіі. Заняткі земляробствам прывялі да пашырэння культу сонца. Культ агню быў цесна звязаны з пахавальным абрадам, характэрнай рысай якога становіцца спальванне нябошчыкаў і насыпанне над пахаваннем курганаў.1 (ст.84-85)

(Апошняя рэдакцыя: 9.02.2009)

Ранні перыяд бронзавага веку
XVI-XV - XII-XI стст. да н.э.
Крэмневыя сярпы (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Мінск). Фота Р. Маісея

Да сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.э. працэс змешвання і ўзаемаасіміляцыі мясцовага насельніцтва і находнікаў цалкам завяршыўся. У гэты час большую частку поўдня і захаду Беларусі, Падняпроўе, а таксама суседнія тэрыторыі Украіны і польшчы засялялі плямёны двух роднасных між свабой культур - сосніцкай і тшцінецкай, якія часта аб'ядноўваюць у адну супольнасць.3 (ст.84)

У сярэдні перыяд пачынаюць актыўна фарміравацца мясцовыя металаапрацоўчыя традыцыі, аб чым сведчаць некаторыя знаходкі сярод помнікаў тшцінецка-сосніцкай супольнасці. Узрастае выкарыстанне метала з Карпата-Трансільванскага цэнтра, які пасля XVIII ст. да н.э. набывае вялікае значэнне ў Еўропе. Выклбчную ролю атрымлівае алавяністая бронза і тэхніка ліцця ў высокавытворчыя каменныя формы.1 (ст.79) Сярод адзінкавых і выпадковых знаходак сярэдняга перыяду бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца пальштабы - сякеры з бакавымі закраінамі, аналагічныя сякерам знойдзеным у Скандынавіі і Прыбалтыцы.1 (ст.79)

Аб развіцці зеляробства сведчаць масіўныя крэмневыя сярпы з двухбаковай буйной рэтушшу, якія пачалі выкарыстоўваць у сярэдні перыяд на поўдні Беларусі. У лясных зонах шырока практыкавалася лядна-агнявое земляробства, пры якім кавалак лесу высякаўся, а дрэвы пасля высыхання спальвалі. Такое вядзенне гаспадаркі патрабавала вялізарнай колькасці сякер, што было прычынай росквіту дзейнасці крэмнездабыўных шахтаў.

Шырокае прымяненне знаходзілі таксама вырабы з косці, рога і дрэва. Рогі і косці мелі вялікае значэнне на поўначы Беларусі, якая была беднай на крэмневую сыравіну. З гэтага матэр'ялу выраблялі не толькі зброю і прылады працы, але і мастацкія вырабы і нават музычныя інструменты.1 (ст.82)

Кераміка становіцца пераважна пласкадоннай, найбольш распаўсбюджаным тыпам якой былі гаршкі з выдзеленай шыйкай. Зусім новым посудам былі друшлякі. Якасна керамічныя вырабы становяцца больш танкасценнымі і лепш выпаленымі. Замест дамешак арганікі выкарыстоўваюцца пясок, жарства і шамот. Паверхні пасудзін былі гладкімі альбо заштрыхаванымі. Арнаментацыя керамікі паволі адыходзіць ад неалітычнай традыцыі, становіцца больш сціплай і пераважна канцэнтруецца ў версе пасудзін. з'яўляюцца новыя элементы - наляпныя карбаваныя валікі і вушкі.1 (ст.82)

Структурныя змены ў грамадстве праявіліся ва ўсталяванні патрыярхальнага радавога ладу, паступовым разбурэнні прынцыпа родавага калектывізму і ўзнікненні маёмаснай няроўнасці паміж асобнымі родамі і нават сем'ямі. Пачасціліся міжплемянныя і міжродавыя войны, у якіх аб'ектамі дамаганняў служылі больш урадлівыя землі, шляхі абмену і чужы здабытак.3 (ст.90)

(Апошняя рэдакцыя: 9.02.2009)

Позні перыяд бронзавага веку
XII-XI - VIII стст. да н.э.
Сякера-кельт з арнаментам. VIII-VII стст. да н.э. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Мінск)
Фота Р. Маісея

Позні перыяд бронзавага веку з'яўляецца маладаследаваным і лёс тшцінецка-сосніцкай супольнасці застаецца не вызначаным як і яе роля ў працэсе фарміравання культур жалезнага веку. Лічыцца, што ў канцы бронзавага веку скончылася складванне супольнасці плямён культуры штрыхаванай керамікі, якая ў наступную эпоху займала значную частку тэрыторыі Беларусі і на думку большасці даследчыкаў з'яўляецца балцкай культурай. У канцы бронзавай эпохі таксама з'яўляюцца раннія паселішча насельніцтва днепра-дзвінскай культуры.1 (ст.77)

Пашырэнне выкарыстання бронзавымі вырабамі прывяло да паступовага заняпаду крэмнеапрацоўкі. Выключэннем з'яўлялася толькі вытворчасць каменных сякераў, якімі карысталіся нават у эпоху жалеза. Набываюць распаўсюджанне і бронзавыя сякеры, з якіх найбольш цікавымі з'яўляюцца так званыя кельты, у якіх утулка размяшчалася ў абушковай частцы перпендыкулярна лязу. Больш за 10 іх знойдзена ў Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі. Крыніцай сыравіны для іх, лічыцца, маглі быць радовішчы Цэнтральнай Еўропы.1 (ст.77) Упрыгожанні з медзі і бронзы, якія набываюць усё большае пашырэнне, паступова губляюць свой магічны сэнс і набываюць эстэтычныя і сацыяльныя функцыі.1 (ст.86)

Значна пашыраецца геаграфія абменных сувязяў. Металічныя вырабы трапляюць на тэрыторыю Беларусі не толькі з Каўказа, Украіны і Цэнтральнай Еўропы, але і са Скандынавіі, Ютландыі, Прыбалтыкі, цэнтральных раёнаў Расіі.1 (ст.83)

У керамічнай вытвочасці адбываецца заняпад арнаментацыі, што адбываецца па назіранні даследчыкаў разам са знікненнем слядоў пахавальнага абраду, прычынай чаму маглі быць нейкія змены ў рэлігійных уяўленнях.1 (ст.86)

(Апошняя рэдакцыя: 9.02.2009)

Літаратура
  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
  2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
  3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
  4. Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
  5. Генадзь Сагановіч. Нарысы гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мінск: "Энцыклапедыкс", 2001.
  6. Гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый. Вучэбны дапаможнік. У дзвюх частках. Частка 1. Мінск: "БДПУ ім. М. Танка", 2007.
  7. Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў - па 2008 г. Мінск: "Вышэйшая школа", 2009.
Матэр'ялы ў Інтэрнэце
  1. Культура боевых топоров. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
  2. Алексис Шнайдер. Краткая история освоения индоевропейцами Европы.
  3. Культуры полей погребений. Словари и энциклопедии на Академике.
  4. Культура полей погребальных урн. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
  5. М.Чарняўскі. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.
  6. Асаблівасці першабытнай эпохі гісторыі Беларусі.
  7. Асаблівасці бронзавага веку на Беларусі.
  8. М.Крывальцэвіч, М.Чарняўскі. Фарміраванне супольнасцей ранняга перыяду бронзавага веку.
  9. М.Крывальцэвіч. Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў сярэднім і познім перыядах бронзавага веку.
  10. А.Калечыц, М.Крывальцэвіч, М.Чарняўскі. Гаспадарчыя заняткі насельнікаў у бронзавым веку.
  11. Э.Зайкоўскі. Духоўная культура ў бронзавым веку.
<< Папярэдняя старонка Наступная старонка >>
  • Галоўная • Аб праекце • Гісторыя • Даведнік • Галерэя • Пошук [А-Я] • Кантакт
 
Старажытны перыяд Насельніцтва Архітэктура
Перыяд Русі Грамадскі лад Жывапіс
Перыяд ВКЛ Гаспадарка Графіка
Перыяд Рэчы Паспалітай Вайсковая справа Пластыка
Перыяд Расійскай Імперыі Духоўнае жыццё Прыкладное мастацтва
Найноўшая гісторыя Падзеі і асобы Побытавыя рэчы
 
Спадчына Беларусі > Гісторыя > Старажытны перыяд