БЕЛАРУСЬ 
  • ГІСТОРЫЯ
  •  
    Пачатак раздробленасці  
      1101 - 1140 гг.  

    Старэйшыя сыны Усяслава, якія наследавалі бацькоўскую спадчыну, праводзілі кожны сваю палітыку. Экспансія на суседнія землі абярнулася для Менска стратай самастойнасці. Дзялі канчатковай ліквідацыі пагрозы з боку Полацка паўднёварускія князі арганізавалі паход на Полацкае княства, вынікам якога стала высылка полацкіх князёў ў Візантыю. Працяг драблення Кіеўскага княства, пачатак узвышэння Смаленска і вяртанне улады нашчадкамі Усяслава далі пачатак новаму этапу палітычных адносін.

    90000 г. да н.э.- VIII ст. IX - пач. XIII ст. XIII ст. - 1569 г. 1569 - 1795 гг. кн. XVIII ст. - 1917 г. 1917 - 1991 гг.
    << >>
     

    Падзел спадчыны Усяслава Чарадзея
    1101 - 1119 гг. - княжанне Глеба Усяславіча ў Менску
    1102 г. - заснаванне Барысава (паводле Тацішчава)
    Дзядзінец у Друцку. Від з паўднёвага усходу ад р. Друць. Фота Л.В. Алексеева, 1957 г.5 (ст.137)

    Пасля смерці Усяслава Брачыславіча з Полацкай зямлі пачалі вылучацца удзелы-воласці, у якіх мелі права княжыць прадстаўнікі полацкай княжацкай дынастыі. Падлік колькасці сыноў Усяслава ўскладняецца тым, што ў тыя часа надавалі два імені - язычніцкае ("хатняе") і хрысціянскае. Таму, паводле адных меркаванняў, Усяславічаў было 7, паводле іншых - 6. Пісьмовыя крыніцы згадваюць наступныя імёны сыноў Усяслава: Давыд, Глеб, Рагвалод, Барыс (выказваюцца меркаванні, што Рагвалод і Барыс - гэта адна асоба), Раман, Расціслаў, Святаслаў, які меў таксама другое імя - Георгій. Пытанне аб старшынстве таксама з'яўляецца заблытаным.1 (ст.176)

    Полацк працягваў заставацца самым буйным палітычным цэнтрам Полацкай зямлі. Магчыма, што Усяслаў Брачыславіч пры жыцці накіраваў у больш значныя гарады сваіх старэйшых сыноў у якасці пасаднікаў. Пасля смерці яго сыны станавіліся самастойнымі валадарамі асобных удзельных княстваў.1 (ст.177)

    Барыс Усяславіч. Дыскусыйным застаецца пытанне аб тым, каму дастаўся полацкі пасад адразу пасля смерці Усяслава. Адны называюць Давыда, другія - Барыса. Больш верагоднай выказваецца думка, што гэта быў Барыс, з якім крыніцы звязваюць будаўніцтва Барысава і узвядзенне ў Полацку каменных цэркваў.1 (ст.176)

    Без спасылкі на крыніцу, Тацішчаў адзначыў, што "в 1102 г. Борис Всеславич полоцкий ходил на ятвиг и, победя их, возвратясь, поставил град Борисов свое имя и людьми населил". У беларуска-літоўскіх летапісах таксама гаворыцца, што г. Барысаў на р. Бярэзіне "вчинил" полацкі князь Барыс. Гэта пацверджана таксама і археалагічнымі даследваннямі. Такім чынам, у пачатку 12 ст. побач з удзеламі заснаванымі на родавым праве (Менскі, Ізяслаўскі), пачалі ўтварацца воласці на феадальнаым праве. Ініцыятыва стварэння такіх воласцей ("отчин") належыла тым полацкім князям, якія займалі пасаду ў стольным горадзе.1 (ст.185)

    Пазнейшыя падзеі паказалі, што Барыс Усяславіч у сваёй палітыцы арыентаваўся на Манамаха і яго сыноў, збліжэнне з якімі было трывалым. Хутчэй за ўсё, менавіта ў той час была створана летапісная версія легенды пра Рагвалода, Рагнеду і Уладзіміра, якая была прыймальна і для Полацка і для Кіева. Знакам прымірэння з Полацкам магло быць і наданне Мсціславам Уладзіміравічам сваёй дачцэ імені Рагнеда, што знайшло адлюстраванне ў назвах населеных пунктаў.3 (ст.141)

    Глеб Усяславіч атрымаў ва ўладанне Менскую воласць, замацаванне якой за Полацкім княствам адбылося яшчэ пры жыцці Усяслава Чарадзея праз шлюб Глеба Усяславіча з дачкой князя валынскага і вышгародскага Яраполка Ізяслававіча.1 (ст.177) Шлюб з Анастасіяй даваў таксама Глебу падставы разлічваць на ўкосную падтрымку дзядзьку сваёй жонкі, кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча, які быў зацікаўлены у Глебе як сродку ціску на Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха і іншых сапернікаў. Прыёмам дыпламатыі маглі быць і сувязі Глеба з Кіева-Пячэрскім манастыром, якому ён прыносіў багатыя ахвяраванні.3 (ст.141)

    Давыд Усяславіч, верагодна застаўся без удзельнага княства. Гэта ў хуткім часе, відаць, падштурхнула яго выступіць супраць свайго брата Глеба на боку паўднёварускіх князёў, на дапамогу якіх ён разлічваў таксама. У Лаўрэнцеўскім летапісе Давыд Усяслававіч названы сярод маладых князёў-ізгояў - удзельнікаў пераможнага паходу на полаўцаў у 1103 г.1 (ст.177) Мяркуецца, што ён быў адданым саюзнікам чарнігаўскіх Святаславічаў, паколькі у тым жа летапісе ягонае імя называецца адразу ж за імем чарнігаўскага Давыда Святаславіча.3 (ст.141)

    Саюз з Усяслававічамі для паўднёварускіх князёў мог быць таксама выгадным, бо у выпадку канфлікту тыя маглі адцягнуць на сябе значныя сілы супрацьлеглага боку. Са свайго боку і Усяславічам ва ўнутраных канфліктах было зручна мець падтрымку таго ці іншага магутнага паўднёварускага князя.3 (ст.141)

    (Апошняя рэдакцыя: 23.08.2009)

    Часовае ўзвышэнне Менска
    1104 (1105) г. - паход кааліцыі паўднёварускіх князёў на Менск
    1106 г. - паражэнне Полацка ад земгалаў.
    Старажытны Менск (Мал. С. Мусінскага). Крыніца: http://fotominsk.by

    Менскае княства. Невялікая палітычная вага і слабасць эканомікі Менска, абумоўленая яго прызначэннем перш за ўсё як ваеннага пасялення, якое існавала галоўным чынам за кошт эканамічнай і людской падтрымкі з боку Полацка, штурхала Глеба Усяславіча на пошук шляхоў, накіраваных на павялічэнне палітычнай і эканамічнай моцы княства шляхам ціску на суседзяў, у тым ліку і ваеннымі сродкамі. Асноўнымі накірункамі дзейнасці Глеба Усяславіча былі тэрытарыяльнае пашырэнне і захоп суседніх земляў, засяленне Меншчыны і выхад да асноўных гандлёвых шляхоў.3 (ст.140)

    Першым крокам было пашырэнне тэрыторыі Менскага удзела на усход да р. Днепр. Да Менскай воласці былі далучаны Друцкая воласць, а таксама землі, дзе паяўляюцца новыя умацаваныя цэнтры: Орша і Копысь.1 (ст.186) У Друцку Глеб разглядаўся як адзін з законных прадстаўнікоў полацкай дынастыі, таму з далучэнненм яго да Менску ў яго не маго быць вялікіх цяжкасцей. Орша і Копысь яшчэ з 1060 г., магчыма, заставаліся ў межах Полацкай зямлі ці пры яе падзеле перайшлі да Віцебска. Амаль адначасова ўзведзеныя крэпасці Копысь і Орша - адна на левым, другая на правым беразе Дняпра - сведчанне сутыкнення інтарэсаў Смаленска і Полацка на Дняпры. Не выключана, што Орша і Копысь маглі перайсці зноў да Смаленска. Ва ўсялякім разе, экспансія з боку Глеба Усяславіча была небяспечнай для Смаленск, дзе правіў адзін з сыноў пераяслаўскага князя Уладзіміра Манамаха.3 (ст.142); 1 (ст.177)

    У 1105 г. (у Іпацьеўскім летапісе - у 1104 г.) да Менска накіравалася аб'яднанае войска паўднёварускіх князёў. Кіеўскі князь Святаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімір Манамах - свайго сына Яраполка, чарнігаўска-северскі князь Алег Святаславіч выправіўся сам, "поемше" (узяўшы) з сабой Давыда Усяславіча. Але паход не меў поспеху і Глеб Усяславіч здолеў яго адбіць.1 (ст.177) Існуе меркаванне, што прычынай правалу паходу мог быць як меней неахвотны ў ім удзел кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча, які не быў зацікаўлены ў паражэнні Глеба. Магчыма таму наступны паход на Менск адбыўся толькі ў 1116 г., праз два гады пасля смерці Святаполка. У выніку Глеб Усяславіч застаўся гаспадаром ключавога участка дняпроўскага шляху, адкуль адкрываліся перспектывы шырокіх сувязяў са знешнім светам.3 (ст.143); 1 (ст. 177)

    Панямонне. Між тым, у 1106 г полацкім князем, верагодна Барысам, быў здзейснены паход на латышскае племя земгалаў, якое знаходзілася ў сярэдней частцы тэрыторыі Латвіі ў басеіне р. Ліелупе, і якія, верагодна, пасля смерці Усяслава перасталі плаціць даніну Полацку. Паход абярнуўся для полацкага войска цяжкім паражэннем. Як паведамляе Лаўрэнцеўскі летапіс: "Победиша зимегола Всеславовичь всю братью и дружины убиша 9 тысящь".1 (ст.176) Земгальскае паражэнне азначала не тоькі выхад земгалаў з-пад улады Полацка (хоць і часова), але і страту назаўсёды кантролю над курамі.3 (ст.139)

    У гэты перыяд далейшае развіццё атрымалі гарады Панямоння. У пачатку XII ст. крэпасць Гародня стала рэзідэнцыяй (замкам) князя, дзядзінцам горада. У гэты ж час у Навагрудку валам быў умацаваны пасад на Малым замку і ён стаў вакольным горадам. Фарміраваліся іншыя гарады: Ваўкавыск, Слонім, Турыйск. 3 (ст.210-212)

    (Апошняя рэдакцыя: 23.08.2009)

    Лёс Турава і Менска
    1113 г. - пераход Турава пад уладу Манамаха
    1113 - 1125 гг. - княжанне Вячаслава Уладзіміравіча Ў Смаленску
    1116 г. - першыя летапісныя звесткі пра Слуцк
    Пячатка Глеба Усяславіча. Крыніца: http://be.wikipedia.org

    Панямонне. Пад 1112 г. земляі беларускага Панямоння зведалі наступ войскаў Яраслава, сына кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча, які хадзіў на яцвягаў і "победи я" (Іпацеўскі і Лаўрэнцеўскі летапіс). Да гэтага ж часу адносяцца першыя ненадзейныя звесткі (Гал Анонім, Тэадор Нарбут) аб наступальных ваенных дзеяннях з боку Літвы, якая брала удзел у нападзе прусаў на Мазовію супраць польскага караля Баляслава III Крываротага.3 (ст.181)

    Тураўская зямля. Як зямля, якая найбліжэй прылягала да Кіеўшчыны, Тураўшчына да гэтай пары кіравалася старэйшым сынам кіеўскага князя (Уладзіміра, Яраслава, Ізяслава і Святаполка) і знаходзілася ў прывілеяваным становішчы. Тэрыторыя Тураўскай зямлі ў гэты перыяд прыкладна адпавядала ранейшай племянной тэрыторыі дрыгавічаў - ад Дняпра на ўсходзе да падляшскіх земляў па Бугу на захадзе.3 (ст.173)

    Са смерцю Святаполка Ізяславіча ў 1113 г. адбываюцца перамены ў лёсе Тураўскай зямлі. Адразу пасля заняцця кіеўскага стала Уладзімір Манамах пазбавіў Яраслава Святаполчыча тураўскага княжання, пакінуўшы яму толькі Уладзімір-Валынскі.3 (ст.173)

    Смаленскае княства. У 1113 г. смаленскім сталом валодаў сын Уладзіміра Манамаха Вячаслаў. У 1116 г. ён з ваяводай Фамой Раціборавічам і ваярамі з беларускіх земляў хадзіў да Даростала на дапамогу мяцежнаму візантыйскаму царэвічу Леону.3 (ст.162)

    Менскае княства. У 1116 г. Глеб Усяслававіч пашырыў свае ўладанні за кошт зямель дрыгавічаў (дзе таксама былі інтарэсы Манамахавічаў), спаліў падуладны Кіеву г. Слуцк і захапіў у палон шмат людзей. У адказ новы кіеўскі князь (з 1113 г.) Уладзімір Манамах накіраваў да Глеба пасольства з суровым асуджэннем і парадай устрымацца ад далейшых варожых дзеянняў, але Глеб ганарліва і непрыязна сустрэў паслоў і выказаў, у сваю чаргу, пагрозы ў адрас Манамаха. Пасля правалу пасольства Манамах разам з сынамі Яраполкам і Вячаславам - смаленскім князем, а таксама з Давыдам Святаславічам чарнігаўскім напрыканцы 1116 г. выступілі у паход на Менск з трох бакоў. У студзені 1117 г. Вячаслаў захапіў Оршу і Копысь. Яраполк і Давыд знішчылі Друцк, а яго жыхароў вывялі ў палон у Пераяслаўскае княства. Сам Манамах, да якога пазней далучыліся яго сыны і Давыд, накіраваўся на Менск і пачаў яго двухмесячную аблогу, пасля чаго загадаў будаваць трывалае зімовае жыллё у сваім стане. Толькі тады Глеб Усяславіч накіраваў паслоў да Манамаха, які згадзіўся на мірныя перамовы. Глеб выйшаў з горада са сваімі дзецьмі і дружынаю і паабяцаў Манамаху ва ўсім яго слухацца. Пасля гэтага Уладзімір Манамах вярнуўся ў Кіеў. Існуе думка, што менавіта падчас аблогі Менска Манамах напісаў сваё "Павучанне", у якім паведаміў аб шматлікіх сваіх паходах, у тым ліку на Полацк і Менск.1 (ст.178); 3 (ст.143-144)

    Тураўская зямля. Пасля таго, як стала ясна, што спадзяванням заняць кіеўскі стол пасля смерці Манамаха прыйшоў канец і той збіраецца перадаць уладу ў рукі сваім сынам, Яраслаў Святаполчыч ў 1117 г. наважыўся на ўзброеннае выступленне. Абложаны ва Уладзіміры, ён быў вымушаны прызнаць вяршэнства Манамаха, але на наступны год уцёк у Венгрыю.3 (ст.173-174)

    Менскае княства. Пасля страты Аршанскага Падняпроўя, якое было карысным для усёй Полацкай зямлі, Глеб Усяславіч разам з палачанамі у 1119 (1117) г., як паведамляе Тацішчаў, "паки начал воевать области Владимировых детей, Новгородскую и Смоленскую". Тады Уладзімір Манамах наказаў свайму сыну Мсціславу зноў асадзіць Менск. Глеб Усяславіч быў палонены і вывезены ў Кіеў, дзе ў хуткім часе памёр. Менскае княства было далучана да Кіеўскай дзяржавы.1 (ст.178); 3 (ст.144) Друцкая і Аршанская воласць сталі падуладнымі Полацку ў выніку пагаднення з Манамахам і яго сям'ёй аб смаленска-полацкім памежжы. Копысь адыйшла да Смаленскага княства.1 (ст.186)

    (Апошняя рэдакцыя: 24.08.2009)

    Падзеі 1120 - 1127 гг.
    1125 - 1159 г. - княжанне Расціслава Мсціславіча ў Смаленску
    1127 (1128) - ? г. - княжанне Вячаслава Уладзіміравіча ў Тураве
    Фрагмент мяча знойдзены ў ваколіцах Віцебска. XI-XII стст. Прыватная калекцыя.8 (ст.112)

    Полацкае княства. У 1121 г. на полацкім стале Барыса Усяславіча змяняе Давыд Усяславіч. Верагодна, што падчас канфлікту Глеба Усяславіча з Кіевам, Барыс Усяславіч заняў спрыяльны для Кіева нейтралітэт і не дапамог брату. Аднак гэта засталося недастаткова ацэнена з боку Кіева (Орша і Копысь адыйшлі да Смаленска) і незадаволенае полацкае веча памяняла Барыса на меньш арыентаванага на Кіеў Давыда.3 (ст.145)

    Полацкія князі не маглі змірыцца са стратай Менскай воласці. Як паведамляе Тацішчаў, у 1121 г. "Владимир, князь великий, был с детьми своими в Смоленске для рассмотрения несогласей и усмирения полоцких князей и некоторых других разнопорядков". Верагодна, клан Манамахавичаў спрабаваў вырашыць пытанні кампенсацыі Полацкай зямлі за страту Менскай воласці і ўзнаўлення смаленска-полацкай мяжы. Узнікненне шэрагу памежных крэпасцей на правым беразе Дняпра ў XII ст. дазваляе ўспрымаць гэты факт як вынік перамоваў.1 (ст.178)

    Тураўская зямля. Як падае Іпацьеускі летапіс, у 1123 г. Яраслаў Святаполчыч вярнуўся да Уладзіміра з вялізарным войскам палякаў, чэхаў, венграў і сваіх валынскіх саюзнікаў, але быў забіты двумя палякамі, якія працялі яго кап'ём. Пасля ягонай гібелі Тураў на доўгі час застаўся пад уладай Манамахавісаў, а Ізяславічы аказаліся на перыферыі палітыкі Русі.3 (ст.174)

    Пасля смерці Уладзіміра Манамаха ў 1125 г. адбываецца падзел Кіеўскай зямлі паміж яго сынамі. Кіеўскім князем становіцца Мсціслаў Уладзіміравіч. Тураўскае княства атрымаў трэці сын Уладзіміра Манамаха Вячаслаў Уладзіміравіч, які раней быў смаленскім князем. На працягу свайго жыцця (памёр у 1155 г.) ён шмат разоў валодаў Тураўскай зямлёй, аднак па розных прычынах пазбаўляўся яе і пераходзіў у іншыя княствы (Пераяслаўскае ў 1133 і 1140 гг., Перасопніцкае ў 1146 г.). Між тым, на працягу свайго княжання Манамахавічы захоўвалі цэласнасць Тураўскае княства.1 (ст.191)

    Смаленскае княства. 1125 (1127) г. - паваротны час у лёсе Смаленска. У гэты год там пачынае княжыць Расціслаў Мсціславіч - родапачынальнік смаленскіх князёў. Часы княжання Расціслава Мсціславіча сталі перыядам магутнасці Смаленскага княства, яго пашырэння і росквіту, узрастання ролі ў агульнаўсходнеславянскіх справах.1 (ст.204)

    У 1127 г. адбываецца падзел земляў радзімічаў паміж Смаленскім і Чарнігаўскім княствам. У гэтым годзе Усевалад Ольгавіч супраць усякага права выгнаў свайго дзядзьку Яраслава Святаславіча з Чарнігава, прымусіўшы таго задаволіцца мурамскім княжаннем. Не гледзячы на тое, што Яраслава падтрымаў кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч, і на тое што быў абложаны ў Чарнігаве, Усевалад Ольгавіч між тым дабіўся заключэння міру на сваіх умовах. Скарыстаўшыся складаным становішчам чарнігаўскага князя, Расціслаў Мсціславіч далучыў да Смаленскага княства паўночныя землі радзімічаў.1 (ст.204); 3 (ст.145-146)

    Тураўская зямля. У 1127 г. на княжанне ў Тураў прыходзіць Вячаслаў Уладзіміравіч, які дагэтуль княжыў у Смаленску.l Прадстаўнікі Ізяславічаў - былых гаспадароў Тураўшчыны - утрымаліся толькі на паўночнай ускраіне Тураўскай зямлі, у Клецку (Клечаску), дзе ў 1128 г. сядзеў сын Яраслава Святаполчыча Вячаслаў.3 (ст.174)

    (Апошняя рэдакцыя: 25.08.2009)

    Паход на Полацкую зямлю
    1127 (1128) г. - паход кааліцыі паўднёварускіх князёў на Полацк
    1127 г. - першыя летапісныя звесткі пра Гародню і Клецк
    1130-1140 гг. - высылка полацкіх князёў у Візантыю
    Войска Ізяслава Мсціславіча пад сценамі Лагойска ў 1127 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.

    Верагодна, праяўленне слабасці з боку кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча падчас канфлікту з Усеваладам Ольгавічам, а таксама сувязь Давыда Усяславіча з Чарнігавам, дало штуршок для дзейнасці Полацку, бо, як заўважае Тацішчаў, полацкія князі ў гэты час "области, данные братьям и сынам его (Мсціслава), непрестанно нападая, разоряли". Верагодна, што намерам Полацка было вярнуць Менск і Друцк.1 (ст.178); 3 (ст.145-146)

    Каб канчаткова вырашыць праблему з Полацкім княствам у 1127 г., як падае Лаўрэнцеўскі летапіс, (1128 - Іпацьеўскі летапіс) Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў ваенную выправу на Полацк, у якой удзельнічалі сілы амаль усёй Русі. У кампаніі ўзялі ўдзел Вячаслаў з Турава, Андрэй з Уладзіміра, Усеваладка з Гародна, Вячаслаў Яраславіч з Клецка, якія 4-мя дружынамі рушылі на Ізяслаўль (Заслаўе) - горад, які быў галоўным сапернікам паўднёварускіх князёў у іх экспанмсіі на землі Літвы і дзе княжыў сын полацкага князя Давыда Брачыслаў, жанаты з дачкой Мсціслава Уладзіміравіча, арганізатара паходу. Сам Мсціслаў застаўся ў Кіеве.3 (ст.146)

    У летапісах сказана, што сын Мсціслава Ізяслаў парушыў план, набліжыўшыся да Лагойска за дзень да назначанага тэрміну. Нечакана да яго ў палон трапіў Брачыслаў Давыдавіч, які спяшаўся са сваёй дружынай на дапамогу бацьку ў Полацк з Ізяслаўля. Даведаўшыся пра гэта, жыхары Лагойска здалі князю Ізяславу горад. Пасля узяцця Лагойска да асноўных сіл далучыўся Ізяслаў Мсціславіч. Абарона Ізяслаўля была упартай, але кароткай. Жыхары горада, ўбачыўшы свайго князя паланёным, адкрылі браму войску князя Ізяслава, але гэта не ўратавала іх ад рабунку і здзекаў з боку захопнікаў. Смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч рушыў на Друцк. Усевалада Ольгавіча, далучыўшы да таго Івана Вайцішына з торкамі, Мсціслаў накіраваў "на Стрэжев к Борисову". У Барысаўскай воласці, верагодна, у гэты час знаходзіўся Барыс Усяславіч. Ці былі ўзяты Друцк і Барысаў - аб гэтым летапісы не паведамляюць.1 (ст.179); 3 (ст.146-147)

    З'яўленне пад Неклічам наўгародскага войска на чале з Усеваладам Мсціславічам канчаткова схіліла палачан да складання зброі. Каб задаволіць Мсціслава, палачане выгналі Давыда Усяславіча с сынамі і сталі прасіць Мсціслава дазволіць ім прыняць на княжанне Рагвалода - сына вядомага сваёй пракіеўскай арыентацыяй Барыса Усяславіча. Мсціслаў выканаў іх волю. Сам Барыс, верагодна, быў рэгентам і дарадцам пры сваім сыне і нават не страціў фармальны тытул полацкага князя. Так у "Хроніцы Быхаўца" пра князя Барыса гаворыцца: " І валадарачы ў Полацку, быў ласкавы да падданых сваіх, і даў ім вольнасці і дазволіў веча мець, і ў званы званіць (склікаць веча), а потым і самім кіраваць, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове".1 (ст.179-180); 3 (ст.146-147)

    Палітычная нестабільнасць ў самой Кіеўскай дзяржаве, барацьба паміж Манахавічамі і Ольгавічамі за дзяржаўную ўладу прымусілі часовых паплечнікаў спыніцца на паўмерах ў адносінах да Полацкай зямлі.1 (ст.180)

    Разам з ваеннай навалай у гэтым жа годзе на Полаччыну абрынулася яшчэ адна бяда - голад, са спробай уратавання ад якой звязваюць з'яўленне барысавых камянёў, а іх - з іменем Барыса Усяславіча.6 (ст.144); 3 (ст.147)

    Са смерцю Барыса ў 1129 г. распалася хісткая раўнавага палітычных сіл у Полацку. Верагодна, пад уплывам або ціскам полацкага баярства і веча ў 1130 г. Рагвалод і іншыя полацкія князі груба парушылі крыжацалаванне Мсціславу, якое прадугледжвала ваенную дапамогу Полацка супраць полаўцаў. Акрамя таго імі быў здзейснены напад на землі братоў Мсціслава. Пасля перамогі над полаўцамі абураны Мсціслаў зноў выслаў сваіх ваявод на Полацк. Як і ў мінулы раз, палачане ахвяравалі сваімі князямі.3 (ст.147)

    Полацкія князі - Давыд Усяславіч з двума сынамі, Расціслаў і Святаслаў Усяславічы, два сына Барыса (Рагвалод-Васіль і Іван) з жонкамі і дзецьмі - былі вывезены спачатку ў Кіеў, дзе ім было аб'яўлена аб пакаранні за непаслушэнства, а потым адпраўлены у Канстанцінопаль. Візантыйскі імператар Іаан, зяць Мсціслава, прыняў полацкіх князёў і прызначыў іх у войска, якое ваявала супраць сарацынаў, дзе яны з пахвалой служылі.1 (180); 3 (ст.147)

    Пакараўшы полацкіх князёў, Мсціслаў атрымаў магчымасць упраўляць Полацкай зямлёй. У самым Полацку стаў правіць яго сын Ізяслаў.1 (180)

    (Апошняя рэдакцыя: 26.08.2009)

    Напярэдадні перамен
    Каля 1130 - 1182 гг. - жыццё і творчасць Кірылы Тураўскага
    1130-я гг. - пабудова Ніжняй царквы ў Гародні
    Не пазней 1117 - 1141 (1142) гг. - княжанне Усеваладкі ў ГародніoГороденское княжество. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    Пярсцёнак і медальён з княжацкім знакам XII ст. з Віцебскага пасада. Раскопкі Т.С. Бубенька. Віцебскі абласны краязнаўчы музей.2 (ст.137)

    Панямонне. Мсціслаў не мог лічыць пакарэнне Полацкай зямлі скончаным, пакуль не быў нанесены удар Літве як асноўнаму полацкаму васалу і крыніцы яго вайсковай сілы. Таму ў 1131 ці 1132 г. Мсціславў са сваімі сынамі, а таксама з Ольгавічамі і Усеваладам Гарадзенскім арганізаваў паход на Літву. Саюзнікі спустошылі край, але страцілі шмат кіеўскіх ваяроў, якія адсталі ад асноўных сіл і былі атакаваны літоўцамі.3 (ст.147,181)

    Негледзячы на спусташэнне сваёй тэрыторыі кіеўскім войскам, літоўцы былі ў стане аказаць годны супраціў і разбіць адзін з кіеўскіх палкоў. Дадзены факт дазваляе мяркаваць, што ў 2-й чвэрці XII ст. літоўцы і яцвягі ўжо становяцца сілай, здольнай уплываць на зыход міжусобных войнаў.3 (ст.181)

    Полацкае княства. Пасля смерці кіеўскага князя Мсціслава ў 1132 г. Кіеўская дзяржава канчаткова распалася на землі - "вотчыны". У Кіеве стаў княжыць брат Мсціслава Яраполк Уладзіміравіч. Ён прывёз Ізяслава Мсціславіча з Полацка ў Пераяслаўль, паколькі той з'яўляўся прэтэндэнтам на кіеўскі пасад. У Полацку застаўся княжыць трэці Мсцілавіч - Святаполк. Але палачане скарысталіся разборкамі паміж кіеўскімі князямі, аб'явілі "лишается насъ" і выгналі Сятаполка. На полацкае княжанне быў абраны Васілька Святаславіч, бацька якога быў у выгнанні ў Візантыі. Такім чынам фармальная незалежнасць Полацка была адноўлена і на полацкім пасадзе зноў быў прадстаўнік полацкага княжацкага дому. Але да былой магутнасці Полацку было яшчэ далёка і да самага вяртання сасланых князёў Полацкая зямля выконвала абавязкі васала ў адносінах да Кіеўскай дзяржавы.1 (ст.181); 3 (ст.148)

    Менская і Тураўская землі. У 1132 г. Ізяслаў Мсціславіч у выніку дзеляжа кіяўскіх уладанняў апынуўся ў Менску і яму ў прыдачу былі аддадзены Тураў і Пінск. Але пасля смерці Мсціслава Кіеўская дзяржава не мела дастаткова сіл, каб утрымаць у падпарадкаванні здаўна варожы ёй Менск. У 1135 г. Ізяслаў выехаў з Менска і затым атрымаў княжанне ва Уладзіміры-Валынскім і больш у Менск не вярнуўся. Да ўлады у Менску вярнуліся нашчадкі Глеба Усяславіча, верагодным месцам перабывання каторых да гэтага часу была Літва - даннік Полацкай зямлі ці Польшча. Адным з аргументаў на карысць Польшчы як месца часовага укрыцця Глебавічаў з'яўляецца той факт, што каля 1135 г. адбыўся шлюб Валадара Глебавіча з Рыкісай, дачкой польскага караля Баляслава Крываротага.1 (ст.180); 3 (ст.150)

    Смаленскае княства. З нагоды утварэння ў Смаленскім княстве самастойнай епіскапіі Расціслаў Мсціславіч у 1136 г. зацвердзіў Статут, які вызначаў памеры царкоўных уладанняў і даніны з валасцей. Статут утрымлівае інфармацыю аб існаванні ў Пасожжы Валасцей Кречют (сучасны Крычаў) і Прупой. На поўдзень ад іх пачыналася паласа лясоў, якія дзялілі паўночныя і паўднёвыя землі радзімічаў і якія на пэўны час сталі мяжой паміж Смаленскай і Чарнігаўскай землямі. Акрамя гэтага, Статут паведамляе і аб іншых адміністрацыйных адзінках на ўсходніх землях Беларусі. Так, уздоўж р. Басі на тэрыторыі сучасных Горацкага і Шклоўскага раёнаў існавала воласць Басея, цэнтр якой, верагодна, знаходзіўся ў в. Гарадзішча (Шклоўскі р-н). На паўночным усходзе ўздоўж р. Мярэі існавала воласць Мірацічы, цэнтр якой быў на гарадзішчы ля в. Горы (Горацкі р-н) альбо на гарадзішчы ля в. Звяровічы (Краснянскі р-н Смаленшчыны). На самым паўночным усходзе за Дняпром частка тэрыторыі сучасных Дубровенскага і Лёзненскага раёнаў уваходзіла ў воласць Вітрына, цэнтр якой знаходзіўся на гарадзішчы ў в. Мікуліна (Руднянскі р-н Смаленшчыны).1 (ст.204)

    На захадзе княства на Дняпры стаяла Копысь. У Копыскую воласць уваходзіла таксама Орша. Далёка ад асноўнай тэрыторыі Смаленскага княства, на месцы сучаснай в. Лучын (Рагачоўскі р-н) стаяў Лучын - смаленскі фарпост, які кантраляваў не толькі дняпроўскі шлях "з вараг ў грэкі", але і назіраў за яго адгалінаваннем у Полацкую зямлю па Друці. Статут паведамляе, што ў Лучыне была карчма і тут збіралі мыта - плату за транзітны праезд.1 (ст.204-205)

    У 1138 г. Расціслаў Мсціславіч удзельнічае ў кааліцыі князёў (Яраполк Уладзіміравіч Кіеўскі, Юрый Уладзіміравіч Суздальскі (Даўгарукі), Васілька Святаславіч Полацкі) супраць Ноўгарада, дзе княжыў Святаслаў Ольгавіч. 17 красавіка ён уцякае з Ноўгарада праз Смаленск, дзе быў схоплены і пасаджаны ў Смядынскім манастыры. У Ноўгарадзе быў пасаджаны на княжанне сын Даўгарукага Расціслаў Юр'евіч.6 (ст.36)Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: "Наука", 2006. Святаслаў Ольгавіч, пасля прымірэння Яраполка Уладзіміравіча з братам Святаслава - Усеваладам Ольгавічам, быў атпушчаны ў Кіеў.nСвятослав Ольгович (князь черниговский). Материал из Википедии — свободной энциклопедии

    Полацкае княства. У 1138 г. полацкі князь Васілька Святаславіч сустракае і падтрымлівае выгнанага з Ноўгарада Усевалада Мсціславіча - пляменніка кіеўскага князя Яраполка. У 1139 г. полацкія ваяры ўдзельнічаюць у паходзе Яраполка Уладзіміравіча на Чарнігаў супраць Ольгавічаў.1 (ст.181)

    (Апошняя рэдакцыя: 26.05.2010)

    Літаратура
    1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
    2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
    3. Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 2). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2008.
    4. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
    5. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
    6. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: "Наука", 2006.
    7. Л.В. Алексеев. Полоцкая земля. Наследие полоцкой земли. Выпуск 5. Полоцк, издатель А.И. Судник, 2007.
    8. М.А. Плавінскі. Нарысы гісторыі клінковай зброі X-XIII стагоддзяў на Беларусі. Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2009.
    Матэр'ялы ў Інтэрнэце
    1. В. Насевіч. Усё пачыналася з Русі.
    2. Радзівілаўскі летапіс. Тэкст
    3. Повесть временных лет. Оригинальный текст
    4. Повесть временных лет в переводе Д. С. Лихачёва
    5. Усяслаў Брачыславіч. Матэр'ял з Вікіпедыі
    6. Усяслаў Чарадзей. Матэр'ял з Вікіпедыі
    7. Всеслав Брячиславич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    8. Изяслав Ярославич (князь киевский). Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    9. Ярополк Изяславич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    10. Сьвятаполк ІІ Тураўскі. Матэр'ял з Вікіпедыі
    11. Святополк Изяславич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    12. Вячеслав Владимирович. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    13. Давыд Усяслававіч. Матэр'ял з Вікіпедыі
    14. Святослав Ольгович (князь черниговский). Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    15. Городенское княжество. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    << Папярэдняя старонка Наступная старонка >>