БЕЛАРУСЬ 
  • ДАВЕДНІК
  • Да артыкулау: "Жалезны век"
    Кіеўская культура
    Киïвська культура • Киевская культура
    Кан. II - сяр. V ст.
    Гліняны гаршчок, III-V ст. (Кіеў, Абалонь) і прадмет убору з выямчатай эмаллю, III-IV ст. (Сярэдняе Падняпроўе). Музей гісторыі Украіны, Кіеў, Фота: Р. Маісей

    Археалагiчная культура насельніцтва жалезнага веку, якое ў канцы II - сярэдзіне V ст. займала паўднёвы ўсход Беларусі, значную частку Сярэдняга Падняпроўя, Падзяснення і сумежныя раёны лесастэпу. З'яўляецца прамежкавым этапам паміж зарубінецкай і калочынскай культурамі. Характэрныя асаблівасці культуры: адкрытыя селішчы, як адзіны тып паселішчаў; грубаляпны таўстасценны посуд, сярод якога вылучаюцца вялікія гаршкападобныя начынні; упрыгожанні з выямчатай эмаллю; абрад крэмацыі і пахаванні ў бескурганных могільніках. Па распаўсюджанаму меркаванню з'яўляецца базавай для іншых культур і адной з верагодных прарадзім славян.


    Даследаванні. Культура вылучана ў канцы 40-х - пачатку 50-х гг. XX ст. украінскім археолагам В.Н. Даніленка (Даниленко). Актыўнае вывучэнне помнікаў культуры началося ў 1960-70-я гг. У Беларусі буйным даследчыкам культуры з'яўляецца Л.Д. Побаль.a

    Лакалізацыя. Арэал культуры ахоплівае тэрыторыю Чарнігаўскай, Сумскай і поўнач Кіеўскай абласцей Украіны, усход Гомельскай і поўдзень Магілёўскай абласцей Беларусі, а таксама поўдзень Бранскай і захад Курскай абласцей Расіі.2 (ст.227)

    Вытокі культуры не маюць адзінага тлумачэння. П.Н, Траццякоў (Третьяков), В.Н. Даніленка, Л.Д. Побаль укзваюць на яе генетычную сувязь з зарубінецкай культурай. Л.Д. Побаль разглядае культуру як позні этап зарубінецкай культуры. Па меркаванню Р.В. Церпілоўскага (Терпиловский), А.М. Абломскага (Обломский) і некаторых іншых даследчыкаў асновой складання культуры з'явіліся не класічныя, а познія зарубінецкія помнікі пры верагодным уплыве некаторых заходніх (пшэворская культура) і паўночных культур (культура штрыхаванай керамікі).a, 2 (ст.324)

    З суседніх культур найвялікшы ўплыў на культуру аказала больш развітая чэрняхоўская культура, праз якую трапляла ў арэал кіўскай культуры вялікая частка рэчаў прывінцыйна-рымскага аблічча: касцяныя грабяні, некаторыя тыпы спражак і фібул, шкляныя пацеркі, металічны і чырвоналакавы посуд, бронзавыя пінцэты і г.д.a

    Тыпы паселішчаў. Адзіным тыпам паселішчаў культуры з'яўляюцца адкрытыя селішчы, якія ўзводзіліся па берагах рэк і азёр, на невысокіх узвышшах сярод балоцістых паплавоў ці па краях надпоймавых тэрас. Звычайна селішчы мелі невялікія размеры (0,5 - 2,0 га ), аднак, на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца і буйныя пасяленні плошчай да 10 га. (Адаменка, Тайманава ў Быхаўскім раёне). У асобных выпадках селішчы ўзнікалі побач з раней збудаванымі гарадзішчамі. Нярэдка селішчы размяшчаюцца “гнёздамі” па 3-5 у кожным.2 (ст.324), a

    Жытло-паўзямлянка, III-IV ст. (рэканструкцыя па матэр'ялах раскопак у в. Роішча, Чарнігаўскай вобл.)

    Жытло. На тэрыторыі Беларусі вядомы 2 тыпа жытла носбітаў культуры: паўзямлянкі і наземныя дамы. Паўзямлянкавыя жытлы мелі звычайна квадратную ці прамавугольную ў плане форму (пл. 8 - 24 кв. м.) і былі паглыбленыя ў зямлю на 0,4 - 1,2 м. Падлогі былі пясчаныя, зрэдку падмазаныя глінаю, часам вымошчваліся драўлянымі плашкамі. Канструкцыя сцен была слупавая ці зрубная. Як правіла, у сярэдзіне катлавана знаходзяцца сляды ад слупа, які падтрымліваў кроўлю. У жытлах размяшчаліся каменныя вогнішчы альбо печы-каменкі. Наземныя пабудовы мелі прыкладна тыя самыя памеры і слупавую канструкцыю сцен. Побач з дамамі звычайна размяшчаліся гаспадарчыя ямы чаша- ці звонападобнай у плане форм.1 (ст.96), 2 (ст.324), a

    Гаспадарка. Насельніцтва культуры займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам. Добра былі развіты ганчарства, чорная і каляровая металургія, ткацтва.2 (ст.324)

    Кераміка культуры ляпная. Пераважваюць слабапрафіляваныя ці рабрыстыя гаршчкі вялікіх памераў. Характэрна спалучэнне рабрыстых біканічных форм са слабапрафіляванымі і пукатымі. Звычайна гаршчкі тоўстасценныя, з кепска загладжанай паверхняй. Яскравай адметнасцю керамікі з'яўляюцца наяўнасць масіўных змесціваў для прадуктаў вышынёй да 50 см. Арнамент у выглядзе насечак ці пальцавых уцісканняў па краю венчыка і рашчосы грэбенем на тулаве сустракаюцца крайне рэдка. Сталовы посуд прэдстаўлены міскамі і гаршкападобнымі пасудзінамі. Частка посуду глянцаватая, однак якасць глянцу значна горшая, чым у посудзе зарубінецкай культуры.1 (ст.96), a

    Выкарыстанне жалеза З жалеза вырабляліся такія прылады працы, як сярпы, шыдлы, скоблі, нажы з прамой ці злёгку пукатай спінкай, кавальскія інструменты. Сярод знаходак прадметаў узбраення і рыштунку вершніка наканечнікі стрэл, шпоры, дэталі конскай збруі.2 (ст.324), a

    Адметнай рысай культуры лічыцца значная колькасць металічных вырабаў з эмалями. Сярод іх вылучаюцца так званыя лунніцы-падвескі, на канцах якіх маюцца каляровыя эмалевыя ўстаўкі. Згодна з вынікамі даследванняў, лунніцы вырабляліся на месцы. Эмалевыя ўстаўкі вырабляліся шляхам расплаўкі шкляных пацерак і заліўкай у адпаведныя гнёзды на лунніцах.a

    Іншыя вырабы. Шырока былі распаўсюджаны вырабы з гліны: тыглі, льячкі, грузілы, уплошчана-біканічныя прасліцы з шырокімі адтулінамі. Сярод каменных вырабаў сустракаюцца тачыльныя брускі, зерняцёркі. Упершыню на тэрыторыі Беларусі менавіта ў кіеўскай культуры адзначаны каменныя жорнавы. Сярод знаходак касцяных вырабаў іголкі, тупікі, спіцы, качадыкі.a

    Пахавальны абрад - трупаспаленне і паследуечае пахаванне ў грунтовых могільніках. У выніку даследвання высветлена, што трупаспаленне адбывалася па-за межамі пахавання. Крэміраваныя парэшткі разам з рэшткамі вогнішча змяшчаліся на дно неглыбокай (0,2- 0,6 м) ямы. Вядомы таксама урнавыя пахаванні, дзе замест урнаў выкарыстоўваліся ляпныя гаршкі. Некаторыя з іх накрывалі перавернутай уверх дном большай пасудзінай-клёшам (традыцыя ўсходнепаморскага насельніцтва). Асаблівасцю абрада з'яўляецца беднасць пахавальнага інвентара: звычайна абломкі посуду, радзей - дэталі касцюму і ўпрыгожанні, трапляюцца гліняныя праселкі.2 (ст.324), 3 (ст.115), a

    Этнічны склад. У пытанні этничнай прыналежнасці культуры няма адзінага меркавання. В.Н. Даніленка, П.Н, Трацякоў, В.Д. Баран, Р.В. Церпілоўскі і інш. адносяць яе да славянаў, лічучы, што на выснове кіеўскай узнікаюць наступныя славянскія культуры ранняга сярэднявякоўя: пенькоўская і калочынская. З імі не згодны В.В. Седоў (Седов) и И.П. Русанава (Русанова), якія адносяць гэтую культуру да кола балцкіх старажытнасцяў.a

    Помнікі кіеўскай культуры на тэрыторыі Беларусі
    (Крыніцы: карта "Рассяленне плямён жалезнага веку ў першай палове 1-га тысячагоддзя н.э."1 (ст.95); тэкставы матэр'ял з "Археалогія і нумізматыка Беларусі"2 і інш.)
    УМОЎНЫЯ ЗНАКІ
    Помнікі кіеўскай культуры
    Межы кіеўскай культуры1 (ст.95)
    Неўмацаваныя селішчы
    Бескурганныя могільнікі

    Археалагічныя помнікі кіеўскай культуры
    Селішча Тайманава (Быхаўскі р-н). Раскопкі Л.Д. Побаля.8 (ст.32)
    Ляпныя гаршкі кіеўскай культуры з могільніка Абідня (в. Адаменка, Быхаўскі р-н) - 1, 2, 6 - 8; і селішча Тайманава (Быхаўскі р-н) - 3 - 5, 9. Раскопкі Л.Д. Побаля. (Музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск: www.history.by) Фота: Р. Маісей
    Бронзавая падвеска-лунніца з выямчатай эмаллю з могільніка Абідня (в. Адаменка, Быхаўскі р-н), III-IV ст. Раскопкі Л.Д. Побаля. (Нацыянальны гістарычны музей, Мінск). Фота В. Бараноўскага.7 Падвеска-лунніца з выямчатай эмаллю. (Музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск: www.history.by) Фота: Р. Маісей Бронзавая фібула з сярэбранымі накладкамі з селішча Тайманава (Быхаўскі р-н). (Музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск: www.history.by) Фота: Р. Маісей
    Прылады працы і зброя з паселішчаў кіеўскай культуры: сярпы, рыбацкі кручок, нажы, долата, іголка, наканечнік стралы, шпора, нажніцы, скобля, тыгель для плаўкі бронзы, грузіла для сеткі.3 (ст.114) Адзенне носбітаў кіеўскай культуры (рэканструкцыя З. Васінай). Ілюстрацыя: http://orei.livejournal.com Упрыгожанні насельніцтва кіеўскай культуры: пацеркі, спражкі да паясоў, шпілька з кольцападобным верхам, бранзалет, запінкі-фібулы.3 (ст.114)
    План паўзямлянкі на селішчы кіеўскай культуры (захаваліся рэшткі абгарэлага дрэва, печкі-каменкі і ямкі ад слупоў).3 (ст.115)
    (Апошняя рэдакцыя: 21.01.2010)

    Літаратура
    1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
    2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
    3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
    4. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
    5. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
    6. Гістарычны атлас Беларусі. Том 1. Warszawa, "EFEKT", 2008.
    7. Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
    8. Археологическая научно-музейная экспозиция НАН Беларуси. Минск, "Беларуская навука", 2009.
    Матэр'ялы ў Інтэрнэце
    1. Киевская культура. Археология Беларуси (archeology2.ru).
    2. Киевская культура (belhistory.ru).
    3. Киевская археологическая культура Словари и энциклопедии на Академике.