БЕЛАРУСЬ 
  • ДАВЕДНІК
  • Да артыкулаў: каменны век, бронзавы век
    Паўночнабеларуская культура
    Кан. III - сяр. II тысячагоддзя да н. э.
    Гаршчок паўночнабеларускай культуры з паселішча Асавец-2 (Бешанковіцкі р-н). Кан. III - пач. II тысячагоддзя да н. э. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Мінск). Фота Р. Маісея

    Археалагiчная культура плямён позняга неаліту і ранняга бронзавага веку, якая займала тэрыторыю сучасных Віцебскай, Паўночнай Мінскай, Паўднёвай Пскоўскай абласцей і ў суседніх з імі рэгіёнаў. Сфарміравалася на выснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры і пад уплывам культур шнуравой керамікі. Адметнай асаблiвасцю культуры на ранняй стадыі з'яўляюцца вялікі вострадонны посуд са зведзеным верхам і спрэс заштрыхаванай паверхняй. У вытворчасці керамікі выкарыстоўваліся дамешкі ракавін. Пазней выкарыстоўваўся і пласкадонны посуд. Было шырока распаўсюджана выкарыстанне вырабаў з косці і рогу. На месцах стаянак знойдзены творы першабытнага мастацтва. Найбольш значныя помнікі - Крывіна і Асавец.


    Нйбольш распаўсюджаным месцам паселішчаў былі невысокія пясчаныя ўзбярэжжы азёр і пры вусцях або вытоках невялікіх рэк. Жытло будавалася выцягнутай, прамавугольнай у плане формы з двухсхільным дахам, які магчыма накрываўся трыснягом. У цэнтры жытла размяшчаліся вертыкальныя слупы з развілкамі, якія трымалі каркас даху і адкрытае вогнішча.1 (ст.70)

    Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, на позняй стадыі - прымітыўным земляробствам і жывёлагадоўляй,2 (ст.489) у асноўным кароў і свіней, у меньшай ступені - авечак і коз.3 (ст.83)

    Колькасць крэмневых прылад працы, з-за беднасцю крэмневых запасаў на Поўначы беларусі выраблялася значна меньш у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. Крэмневая сыравіна ў асноўным трапляла з іншых тэрыторый: з вярхоўяў Віліі або Нёмана і нават з Пасожжа і вярхоўяў Волгі. У крэмнеапрацоўцы пераважвала неалітычная традыцыя, аднак з'яўляліся і новыя прыёмы характэрныя для бронзавага веку: струменістая рэтуш і шліфаванне. Адначасова з мясцовымі неалітычнымі тыпамі стрэл выкарыстоўвалі трохвугольныя вастрыі, у тым ліку з шыпамі і увагнутай высновай1 (ст.71)

    Дыфіцыт крэменю спрыяў шырокаму выкарыстанню косці і рогу, у апрацоўцы якіх насельніцтва паўночнабеларускай культуры дасягнула высокага майстэрства. Найчасцей для наканечнікаў стрэл і коп'яў выкарыстоўвалі рогі і косці лася.3 (ст.83) З касцей іншых жывёл выраблялі іншыя прылады працы і зброю: кінжалы, рыбалоўныя кручкі і гарпуны, сякеры, цёслы, долаты і інш.1 (ст.71)

    Каля сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. насельніцтва паўночнабеларускай культуры было знаёма з некаторымі меднымі вырабамі, сведчаннем чаму з'яўляецца бронзавая сякера знойдзеная ля в. Кастыкі і меднае шыла (Асавец-2).1 (ст.72)

    Гліняны посуд быў разнастайны, але найбольш распаўсюджанымі былі гаршкі са зведзеным верхам і вострым дном, якія ляпіліся з гліны, уякую дабаўляліся тоўчаныя ракавіны. Посуд шчыльна, ад краю да донца, пакрываўся ўзорамі з грабенчатых і ямачных адбіткаў, з насечак, наколаў, адбіткам тарца лапаткі - лінейным штампам і інш.3 (ст.81) Пазней выкарыстовываўся і пласкадонны посуд. Некаторыя вырабы аздабляліся толькі ў верхняй частцы, у тым ліку шнуравым арнаментам. У гэтым праявіліся ўплывы культур шарападобных амфар і шнуравой керамікі. Часам узоры на посудзе былі складанымі і, верагодна, неслі нейкі магічны сэнс. Гліняны посуд меў рознае прызначэнне: сталовы, кухонны, для захавання прадуктаў.1 (ст.71)

    Аб высокіх мастацкіх здольнасцях насельніцтва культуры паўночнабеларускай культуры сведчаць творы першабытнага мастацтва: касцяныя статуэткі звяроў, птушак і чалавека. Былі знойдзены таксама і музыкальныя інструменты.1 (ст.71)

    Сведчаннем кантактаў з навакольным светам з'яўляўся абмен, прадуктамі якога выступалі крэмневая сыравіна, якая трапляла на Падзвінне з Панямоння, Пасожжа і нават з Валдайскага ўзвышша, бурштын - з Прыбалтыкі, а пазней меднныя і бронзавыя вырабы - Сярэдняга Паволжа.1 (ст.72)

    Найбольш значнымі помнікамі паўночнабеларускай культуры з'яўляюцца рэшткі паселішч Крывіна-1,2,3 (Галоўск) і Асавец-2,5, якія выяўлены на Крывінскім тарфяніку на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў, а таксама паселішча Кастыкі.1 (ст.72)

    Рассяленне плямён паўночнабеларускай культуры на тэрыторыі Беларусі
    (Крыніца: карта "На пераломе эпох: ад позняга неаліту да пачатковага перыяду бронзавага веку"5 (ст.28)
    УМОЎНЫЯ ЗНАКІ
    Помнікі паўночнабеларускай культуры
    Месцазнаходжанні медных і бонзавых вырабаў
    Межы паўночнабеларускай культуры
    Няпэўныя межы паўночнабеларускай культуры

    Знаходкі з паселішча Асавец-2 (кан. III - пач. II тысячагоддзя да н. э.).
    (1,2,3 - Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі; 4,5 - музей старажытнабеларускай культуры. Мінск)
    1. Касцяныя гарпуны і кручок. 2. Крэмневыя наканечнікі стрэл. 3. Касцяныя наканечнікі стрэл. 4. Вырабы з бурштыну. 5. Касцяныя вырабы.

     
    Карта Крывінскага рэгіёна.6   Паселішча Асавец-2 перад пачаткам раскопак. Фота 1966 г.3
    (Апошняя рэдакцыя: 3.03.2009)

    Літаратура
    1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
    2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
    3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
    4. Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
    5. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
    6. Чарняўскі М. М. Касцяныя і рагавыя вырабы на паселішчах Крывінскага тарфяніку. Неаліт - бронзавы век. Мінск: "Беларуская навука", 2007.