Апрацоўка крэменю
ў эпоху каменнага веку
Нуклеус канца палеаліту (1) і мезаліту (2); рэтушаваная пласціна канца палеаліту (3). (Гродзенскі гістарычны музей)
Працэс звязаны з вытворчасцю крамнёвых вырабаў: прылад працы і зброі у эпоху каменнага веку. Першасная стадыя: расколванне камяню адбойнікам, вылучэнне загатоўкі - нуклеуса для аддзялення ад яго пласін і адшчэпаў для вырабу прылад працы або зброі; другасная стадыя: сколванне лустак, рэтушоўка вырабаў.
Па характару апрацоўкі вызначаецца належнасць да той ці іншай археалагічнай культуры.
Сыравінай для апрацоўкі служылі крамнёвыя жаўлакі. Для грубай апрацоўкі: расколвання крэменю, счэсвання жаўлачнай коркі выкарыстоўваліся адбойнікі. У палеаліце у якасці адбойнікаў выкарыстоўвалі рачную гальку, або жаўлакі шара-, яйка-, пальцападобнай формы. У неаліце з'явіліся адбойнікі з дзяржаннем, зробляным абіўкай на канцы жаўлака, маглі быць трохвугольнай, сегментападобнай, плоіэдрычнай формы. Падобныя знойдзены крэменеапрацоўчых майстэрнях у Краснасельску.
Адціскальнікі замацаваныя ў касцяным і драўляным стрыжні і адзін са спосабаў іх ужыцця.
З дапамогай адбойніка вырабляліся нуклеусы (nucleus (лат.) - ядро) - загатоўкі, ад каторых аддзяляліся пласціны альбо адшчэпы, з якіх вырабляліся прылады працы або зброя. Для вырабу нуклеуса жаўлак ачышчалі і фарміравалі асноўныя часткі апрацоўкі - ударную пляцоўку і плоскасць сколвання. У сярэднім палеаліце былі пашыраны дыскападобныя, адна- і двухбаковыя нуклеусы, якія абіваліся вакол. У познім палеаліце - прызматычныя, з адной або некалькімі ўдарнымі пляцоўкамі. У канцы палеаліту, мезаліце і неаліце - пірамідальныя, клінападобныя і аморфныя.
Характэрнай для пласціны з'яўляецца доўгая плоская форма з паралельнымі краямі. Адшчэпы бываюць рознай формы і памераў з ударнай пляцоўкай, пукатасцю ад удару адбойнікам і дзвюмя плосасцямі: спінкай (са слядамі раней зробленых сколаў або без іх) і брушкам (са слядамі ударнага злому). Пласціны маглі служыць у якасці самастойных прылад працы: нажы, скоблі, укладышы (мікраліты) і загатоўкамі для вырабаў наканечнікаў стрэл, праколак, разцоў, скрабкоў.
Акрамя адбойніка пласціны або адшчэпы аддзяляліся з дапамогай каменнага або касцянога адціскальніка. У палеаліце каменныя адціскальнікі вырабляліся з плітак і галькі, спрацаваных нуклеусаў, адшчэпаў, зламаных прылад працы; касцяныя - трубчастых касцей і зубоў жывёл. У мезаліце існавалі адціскальнікі з крамнёвых шпянёў даўжынёй 6-7 см. У неаліце ўжываюцца каменныя і касцяныя адціскальнікі ў форме прамавугольных, бі- і монаканічных шпянёў чатырохвугольных альбо круглых у папярэчніку. Выкарыстоўваўся пры рэтушаванні для выдалення дробных частак матэрыялу.
Рэтушоўка з'яўляецца другаснай стадыяй апрацоўкі крэменю. Дасягаецца шляхам зняцця з бакоў дорбных адшчэпаў і луставінак з мэтай фарміравання рэжучай часткі прылады або прыстасаваннядля рукі. У залежнасці ад тэхнічных прыёмаў дзеліцца на ўдарную, контрударную, адціскальную. Па форме і суадносінах фасетак рэтушы падзяляецца на тыпы: лускаватая, лускавата-прыступчатая, паралельная, субпаралельная; у залежнасці ад вугла схілу бывая пакатая, паўкруглая, крутая, вертыкальная; паводле арыентацыі - прамая, інверсыйная, двухбаковая; па памерах - дробная, сярэдняя, буйная.
|