СПАДЧЫНА 
  • ДАВЕДНІК
  • Да артыкулу: "Жалезны век"
    Культура штрыхаванай керамікі
    Brukšniuotosios keramikos kultura
    VIII ст. да н.э. - IV/V ст. н. э.
    Тыповы посуд насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі з тэрыторыі Літвы. Фота з сайту www.musicalia.lt

    Археалагiчная культура балцкіх плямён, якія ў VIII / VI стст. да н.э. - IV / V стст. н.э. насялялі тэрыторыю Сярэдняй і Паўночна-Заходняй Беларусі, а таксама Паўднёва-Усходняй і Усходняй Літвы. Назву атрымала ад характэрнага пласкадоннага глінянага посуду, знешняя (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі, якія, магчыма, наносіліся пучком саломы або травы. Культура вядома толькі па паселішчах, асноўным тыпам якіх былі ўмацаваныя гарадзішчы. Могільнікі культуры пакуль не выяўлены. На паўночным усходзе плямёны культуры суседнічалі з роднасным насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры.


    Даследаванні. Упершыню помнікі культуры былі даследаваны ў концы XIX - пач.XX стст. Пакроўскім, Кржывіцкім, Кашырскім і іншымі археолагамі. Аднак, упершыню іх вылучыў у самастойную групу ў канцы 1920-х пачатку 1930-х гг. вядомы беларускі археолаг А.М. Ляўданскі. Найбольш шчыльныя даследванні помнікаў культуры ў Беларусі былі праведзены ўжо пасля вайны, і асноўная заслуга ў гэтым належыць А.Г. Мітрафанаву.a

    Вытокі. Пытанне аб вытоках культуры застаецца пакуль адкрытым. На сёнешні час найбольш пераканаўчым падаецца меркаванне аб фармаванні культуры на основе мясцовых позненеалітычных нёманскай і позняй нарвенскай культур з актыўным удзелам носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі.a

    Перыядызацыя. Некаторымі даследчыкамі вылучаюцца 3 перыяда ў развіцці культуры: 1-ы перыяд - VII-V стст. да н.э.; 2-і - IV-I стст. да н.э.; 3-і - I-V стст. н.э.2 (ст.660) Літоўскія археолагі датуюць наибольш раннія помнікі канцом 3-га - пачаткам 1-га тысячагоддзя да н.э. На тэрыторыі Беларусі яны узніклі не раней пачатку 1-га тысячагоддзя да н.э., але і то толькі на самым крайнім паўночным захадзе.a

    Тыпы паселішчаў. На ранняй стадыі паселішчы не мелі абарончых умацаванняў і ўяўлялі сабой адкрытыя селішчы і амаль не адрозніваліся ад стаянак эпохі бронзы. Яны датуюцца VIII-V стст. да н.э. і выяўлены каля вёсак Гатавічы, Занарач (Мядзельскі р-н), Яселевічы (Шчучынскі р-н), Таўкуны (Дзятлаўскі р-н). Адкрытыя селішчы з'яўляюцца таксама на познім этапе развіцця культуры.1 (ст.97), a

    Пазней асноўным тыпам паселішчаў становяцца гарадзішчы, якія будаваліся на ўзвышшах або мысападобных выступах тэрас, каля рэк і іншых вадаёмаў, у месцах, звычайна добра абароненых самой прыродай. Найбоьш раннія гарадзішчы (Аўгустова, Лепельскі р-н) умацоўваліся па па краях пляцовак толькі драўлянай сцяной, а схілы мыса альбо пагорка штучна зрэзваліся, чым дасягалася іх большая стромкасць.1 (ст.97)

    У IV-I стст. да н.э. (на 2-м этапе) пачалі ўзводзіцца добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя - перабудоўваць. Пляцоўкі павялічваліся, а па краях, з боку поля насыпалі земляныя валы і выкопвалі равы (Аздзяцічы, Навасёлкі Барысаўскага р-на). У 1-й палове 1-га тысячагоддзя н.э. (на 3-м этапе) гарадзішчы набываюць яшчэ больш складаную сістэму абарончых умацаванняў. Равы і земляныя валы, часам ў некалькі радоў, з моцнымі драўлянымі сценамі на іх грэбенях з усіх бакоў акружаюць пляцоўкі.1 (ст.97), a

    У адрозненне ад мілаградскай культуры, умацаваныя паселішчы культуры штрыхаванай керамікі значна меньшыя па плошчы, якая звычайна вагаецца ў межах 0,1 - 0,5 га. Жылыя пабудовы размяшчаліся па перыметру пляцоўкі, уздоўж унутранага схіла вала. Пры гэтым центральная частка заставалася незабудаванай і магла выкарыстоўвацца для ўтрымання хатняй жывёлы, для культавых і грамадзкіх мэтаў. Толькі адно гародзішча, Малышкі, было забудавана, верагодна, цалкам. На ім дамы размяшчаліся правільнымі радамі па некалькі дамоў у кожным.a

    Рэканструкцыя аднаго з тыпаў жытла насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі (V-I стст. да н. э.). Ілюстрацыя з сайту http://viduramziu.istorija.net

    Жытло. З усёй разнастайнасці жыллёвых пабудоў, найбольш тыповымі былі шматкамерныя дамы слупавой канструкцыі (гарадзішчы Васількоўка, Кашчэлічы, Збаравічі, Лабеншчына). У Малышках кожны дом падзяляўся на 4 прыкладна однолькавых секцыі, кажная з якіх мела вогнішча круглай, авальнай або падковападобнай формы, абкладзеная камянямі ці глінянымі валікамі. Шчыліны ў бярвенчатых сценах для утрымання цяпла абмазваліся глінай. Усе пабудовы ў Малышках загінулі пад час пажару і планіроўку жытлаў удалося прасачыць менавіта дзякуючы рэшткам глінянай абмазкі. Шматкамерны дом у Вязынцы меў падобную планіроўку, але меў і некаторыя адрозненні. Так, напрыклад, тут ужо была выкарыстана зрубная канструкцыя ўзвядзення сцен. Дом падзяляўся на 3 секцыі.1 (ст.97), a

    У I ст. н.э. у паўднёвых раёнах культуры з'яўляюцца зрубныя паўзямлянкі (гарадзішча Мыслі Копыльскага р-на). Паўзямлянкі размяшчаліся па краю пляцоўкі ў рад. Іх плошчы вагаліся ў межах 13-25 кв.м. Жытлы абаграваліся каменнымі вогнішчамі. Зрубныя паўзямлянкі не былі тыповымі для культуры штрыхаванай керамікі, і іх з'яўленне звязваюць з моцным уплывам носьбітаў зарубінецкай культуры.a

    Гаспадарка носьбітаў культуры ад самога пачатку мела пераважна вытворчы характар. Вялікая колькасць каменных сякер, а пасля і жалезных у складзе з іншымі прыкметамі дазваляе меркаваць, што земляробства было падсечным. Знаходкі асмаленых зерняў (Банцараўшчына, Збаравічы) сведчаць аб тым, што насельніцтва вырошчвала пшаніцу, жыта, проса, бабы, гарох, віку. Важнае значэнне мела і жывёлагадоўля. Ужо на ранніх паселішсчах культуры косці хатняй жывёлы колькасна пераважваюць над дзікай. Насельніцтва гадавала буйных рагатых жывёл, свіняў, каней, авечак. Матэр'ялы раскопак у гарадзішчы Івань паказваюць, што тут пераважвала колькасць дробных рагатых жывёл, а вялікая колькасць, пры гэтым, прасліц дазваляе меркаваць аб верагоднай наяўнасці тут цэнтра прадзення і ткацтва. Паляванне, хоць і адыгрывала другасную ролю, але ўсё ж з'яўлялася істотнай крыніцай попаўнення мяса і пушніны. Выяўлена, што насельніцтва палявала на тура, зубра, аленя, кабана, лася , мядзведзя, бабра, зайца, куніцу і іншых жывёл.

    Кераміка. Абломкі глінянага посуду з'яўляюцца найбольш масавымі знаходкамі на месцах паселішчаў. Посуд вырабляўся метадам стужковага налепу, без прымянення ганчарнага кола.1 (ст.97) Амаль для ўсяго керамічнага посуду да пачатку 1-га тысячагоддзя н.э. характэрна дзве формы: слоікападобныя і слабапрафіляваныя, пакрытыя штрыхоўкай. На слабапрафіляваных гаршчках часам сустракаецца арнаментацыя ў выглядзе ямкавых уцісканняў на шыйцы. У канцы 1-га тысячагоддзя да н.э. слабапрафіляваны посуд знікае, колькасць слоікападобных гаршчкоў рэзка змяньшаецца, а асноўнай формай становяцца рабрыстыя гаршчкі, у якіх верхняя частка паверхні звычайна загладжана, а ад рабра і ніжай пакрытая штрыхоўкай, якая наносілася пучком саломы альбо спецыяльным штампом па сырой гліне. Штрыхоўка, як правіла, нанесена безладна, аднак, усё ж можна заўважыць вертыкальную ці дыяганальную накіраванасць. Рад гаршчкоў арнаментаваны ямкавымі ўцісканнямі ці зашчыпамі, нанесенымі па канту. Часам ямкі складаюць кампазіцыі ў выглядзе трохкутнікаў. На гладкай частцы гаршчка сустракаецца таксама ўзор з прачэрчаных лініяў.a

    Гліняныя пасудзіна з гарадзішча Лабеншчына (Мінскі р-н).2 (ст.360)

    Апрацоўка косці і камяню. Сярод хатніх рамёстваў на раннім этапе вядучую роль адыгрывала апрацрўка косці і рога, а таксама камяню. У паўночна-зааходніх раёнах Беларусі і асабліва ў Літве часта сустракаюцца шліфаваныя долатападобныя і свідраваныя сякеры. Аднак, пераважная большасць інвентару і зброі выраблялася з косці. З прадметаў узбраення гэта - зробленыя з трубчатых косткаў наканечнікі стрелаў і коп'яў. З косці вырабляліся і кінжалы, але яны сустракаюцца толькі ў паўночна-заходніх раёнах культуры. З прыладаў працы, вырабляных з косці былі пашыраны качэдыкі, вастрыі, проколкі, шыльцы, іглы, долоты, нажы, тупікі і нават сякеры. Сустракаюцца таксама касцяныя гарпуны і кручкі. З косці вырабляліся шматлікія дзяржальні, шпількі розных форм, падвескі, пацеркі, амулеты. Унікальнай знаходкай з'яўляецца касцяная арнаментаваная дзяржальня ад кінжала, знойдзеная ў Івані (Слуцкі р-н).a

    Выкарыстанне жалеза. Шырокае распаўсюджанне жалезных вырабаў сярод носьбітаў культуры пачаўся толькі бліжэй да канца I тыс. да н.э. На змену каменным сякерам і бронзавым кельтам, вядомых па гарадзішчах с тэрыторыі Літвы, прыходзяць жалезныя сякеры і кельты. Сякеры адносяцца да так званага прибалтыйскага тыпу, а кельты з прамавугольнай утулкай, хутчэй за ўсё, маюць паўднёвае паходжанне, паколькі маюць аналогіі ў зарубінецкай культуры. Шырокае распаўсюджанне мелі жалезныя нажы, найболей раннія з якіх мелі гарбатую спінку, пазней - прамую. Часта сустракаюцца сярпы і жатвеныя нажы, якія, у адрозненне ад паўднёвых былі чарашковымі. У канцы 1-га тысячагоддзя да н.э. жалезная зброя таксама змяняе касцяную. Гэта пераважна зброя бліжняга бою: наканечнікі коп'яў і двушынныя дроцікі, якія таксама маюць прамыя аналагі ў зарубінецкай культуры. Жалезныя зрэзні стрэл, за выключэннем адной знаходкі на гарадзішчы ў г.п. Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), не вядомы.a

    Пачынаючы з III ст. н.э. сярод носьбітаў культуры з'яўляюцца конныя воіны, аб чым сведчаць знаходкі на некаторых гарадзішчах жалезных шпор. Разнастайнымі з'яўляюцца познія ўпрыгожанні плямен культуры. Дастаткова рэдкімі з'яўляюцца фібулы розных тыпаў: прагнутыя, моцна прафіліраваныя заходніх тыпаў, гладчатыя, подковападобныя зарубінецкія. Шырока прымяняліся паясныя спражкі, кіяпадобныя шпількі, акулярападобныя, трапецыяпадобныя і іншыя падвескі, кольцы, бранзалеты.a

    Металавытворчасць. Бронзаліцейная вытворчасць доволі рана атрымала развіццё ў носьбітаў культуры, не гледзячы на адсутнасць уласных крыніцаў сыравіны. Так, напрыклад, на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Літвы Вялікае Наркунайскае гарадзішча ўжо ў 1-й палове 1-га тысячагоддзя да н.э. было буйным центрам бронзаліцейнай вытворчасці, захаваўшым свае традыцыі аж да першых стагоддзяў н.э. Тут былі знойдзены бронзоліцейная печ і шматлікія ліцейныя формы кельтаў мілаградскага тыпу. Рэшткі бронзалицейнай вытворчасці ў выглядзе тыглей, льячак, радзей ліцейных форм, з'яўляюцца звычайнай знаходкай для большасці гарадзішчаў. У канцы 1-га тысячагоддзя да н.э. - пачатку 1-га тысячагоддзя н.э. сярод хатніх рамёсел дамінуючым становіцца чорная металургія і металаапрацоўка. Крычны метал атрымоўвалі ў печах-домніцах, рэшткі якіх знойдзены на гародзішчах Кашчелічы, Кімія, Лабеншчына, Свідна і інш. Простыя прылады працы і побытавыя вырабы (шыдлы, іглы) вырабляліся з крычнага жалеза метадам свабоднага кавання. Для больш складаных прыладаў працы (сярпы) былі характэрны такія прыёмы як пакетіраванне нарыхтовак ці наклёп ляза.a

    Іншыя вырабы. Сярод разнастайных вырабаў з гліны найбольш выразнымі з'яўляюцца прасліцы - уплошчаныя кружкі з разнастайнай арнаментацыяй, звязанай з салярнай сімволікай: прамяні, канцэтрычныя акружнасці, крыжы і г.д. Частай знаходкай з'яўляюцца рэшткі бронзаліцейнай вытворчасці: тыглі, льячкі, радзей гліняныя формы. Звычайныя знаходкі на паселішчах - грузікі дз'якава тыпа, ляпёшкападобныя грузілы для рыбалоўных сетак. На большай частцы арэала тыпічныя гліняныя бусіны, аднак, у паўднёвых раёнах (Івань, Мыслі) знойдзена шмат шкляных пацерак: пазалочаныя і манахромныя, якія траплялі сюды з поўдня праз пасрэдніцтва зарубінецкіх плямён.a

    Культы і вераванні. Плямёны культуры на ўсім працягу свайго існавання знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхата. Іх рэлигійныя ўяўленні мала чым адрозніваліся ад культавых поглядаў, характэрных для большасці плямён лясной зоны. У першую чаргу яны былі звязаны з абагатварэннем сілаў прыроды, аб чым сведчыць салярная сімволіка ў арнаментацыі прасліц і гладкіх гаршчкоў. З культам сонца цесна звязаны культ агню, сведчаннем чаго - выявы ў выглядзе крыжоў. Верагодна, даволі шырокае распаўсюджанне меў і культ мядзведзя, аб чым можна меркаваць па шматлікіх амулетах з фалангаў гэтай жывёлы.a

    Пахавальны абрад "штрыхавікоў" застаецца пакуль па за межамі ведаў і археалагічна не прасочваецца.1 (ст.97)

    Этнічны склад. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў культуры да ўсходніх балтаў, на карысць чаго сведчаць дадзеныя гідранімікі і археалогіі.a

    Лёс культуры. Да сярэдзіны V ст. культура спыняе сваё існаванне. На змену ёй на тэрыторыі Літвы прыходзіць культура ўсходне-літоўскіх курганоў, а на тэрыторыі Беларусі рэшткі “штрыхавікоў” былі асіміляваны прйшлымі з усходу носьбітамі банцараўскай культуры.a

    Этапы распаўсюджанне культуры штрыхаванай керамікі
    (Крыніцы: карта "Перыферыя грэчаскіх полісаў Паўночнага Прычарнамор'я (V - III стст. да н.э.)"4 (ст.38), карта "Праславяне і іх суседзі ў II ст. да н.э. - першай палове I ст. н.э."4 (ст.39), карта "Паўночна-ўсходняя перыферыя Рымскай цывілізацыі. I - II ст. н.э."4 (ст.40), карта "Продкі славян у протадзяржаве готаў. III-IV ст. н.э."4 (ст.41))
    УМОЎНЫЯ ЗНАКІ
    Межы культуры штрыхаванай керамікі каля V - III стст. да н.э.
    Межы культуры штрыхаванай керамікі ў перыяд II ст. да н.э. - I ст.
    Межы культуры штрыхаванай керамікі ў перыяд I - II стст.
    Межы культуры штрыхаванай керамікі ў перыяд III - IV стст.
    Помнікі культуры штрыхаванай керамікі на тэрыторыі Беларусі
    (Крыніцы: карта "Жалезны век на тэрыторыі Беларусі"2 (ст.251); тэкставы матэр'ял з "Археалогія і нумізматыка Беларусі"2)
    УМОЎНЫЯ ЗНАКІ
    Помнікі культуры штрыхаванай керамікі
    Межы культуры штрыхаванай керамікі2 (ст.251)
    Гарадзішчы
    Неўмацаваныя селішчы

    Археалагічныя помнікі культуры штрыхаванай керамікі
    Гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі ля в. Кашчэлічы
    (Валожынскі р-н).2 (ст.318)
    Гарадзішча насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі каля в. Малышкі Вілейскага р-на. (I-IV ст. н.э.)
    Рэканструкцыя А. Мітрафанаў, Ф. Анісовіч. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Мінск) Фота Р. Маісея

    Касцяныя вырабы з гарадзішча Кашчэлічы (Валожынскі р-н).2 (ст.318) Бронзавая фібула з гарадзішча Малышкі (Вілейскі р-н), III-IV стст. (Нацыянальны гістарычны музей, Мінск) Фота: Р. Маісей Жалезныя прылады працы і зброя з гарадзішча Кашчэлічы (Валожынскі р-н).2 (ст.318)
    Тыповыя знаходкі на месцах гарадзішчаў: наканечнікі кап'я, і дроціка, серп, сякера, шпілька, глінянае праселка і грузік, гаршчок.3 (ст.108) Упрыгожанні насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі.3 (ст.108) Крэсіва (1), гліняныя грузілы (2), касцяная шпілька (3) з гарадзішча Малышкі(Валожынскі р-н); культавая пасудзіна (4) з гарадзішча Лабеншчына (Мінскі р-н). (Музей старажытнабеларускай культуры. Мінск) Фота: Р. Маісей
    Рэшткі штрыхаванай керамікі з тэрыторыі Літвы (гарадзішча Наркунай). Фота з сайту http://piliakalniai.lt Бронзавая накладка на шчыт з гарадзішча Лабеншчына (Мінскі р-н), I ст. да н.э. - I ст.7 (іл.35) Каменная зерняцёрка з гарадзішча Кашчэлічы (Валожынскі р-н). (Музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск) Фота: Р. Маісей
    Узоры гладкасценнай і штрыхаванай керамікі з гарадзішча Рацюнкі (Браслаўскі р-н). Ілюстрацыя з сайту www.laborunion.lt
    (Апошняя рэдакцыя: 09.11.2009)

    Літаратура
    1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
    2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
    3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
    4. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
    5. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
    6. Гістарычны атлас Беларусі. Том 1. Warszawa, "EFEKT", 2008.
    7. Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
    Матэр'ялы ў Інтэрнэце
    1. Культура штрихованной керамики. Археология Беларуси (archeology2.ru).
    2. Культура штрихованной керамики (belhistory.ru).
    3. Штрихованной керамики культура. БСЭ
    4. Шадыро В. И. Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железа и раннего средневековья (этнокультурные аспекты).