Культура тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі
Tüüpilise kammkeraamika • Культура типичной гребенчато-ямочной керамики
3000 - 2300 г. да н. э.
Археалагiчная культура неаліту на тэрыторыі паўднёва-усходняй Прыбалтыкі і поўначы Беларусі. Адметнай асаблiвасцю культуры з'яўляюцца вялікія кругладонныя гаршкі яйкападобнай формы з дамешкамі жарствы ў тоўстых і добра апаленых сценках, арнаментаваныя шчыльнымі гарызантальнымі паясамі з глыбокіх круглых ямак і рамбічных узораў з адбіткаў шыроказубага грэбеня. З крэмневых вырабаў тыповымі былі наканечнікі стрэл вербалістай альбо рамбічнай формы. У канцы неаліту ўлілася ў нарвенскую культуру ў якой растварылася, аказаўшы на апошнюю значны уплыў.
Прадстаўнік культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі (рэканструкцыя).
З тэрыторый, прылеглых з усходу да Фінскай затокі на паўднёва-усходнюю Прыбалтыку і Поўначную Беларусь носьбіты культуры пачынаюць мігрыраваць прыкладна у другой чвэрці 3-га тысячагоддзя да н.э.
Даследаванні могільнікаў у Эстоніі паказалі, што насельніцтва культуры было змешаным, мела еўрапеоідныя рысы і элементы мангалоіднасці.
Аднолькавая форма гаспадаркі прышлага насельніцтва і тубыльцаў - паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва - мусіла быць прычынай частых вострых сутычак. Наземныя жытлы будаваліся на берагах азёр і невялікіх рэчак, побач са стаянкамі мясцовага насельніцтва, а нярэдка і на саміх гэтых стаянках.
Сярод крэмневых вырабаў найбольш характэрныя - кароткія наканечнікі стрэл вербалістай альбо рамбічнай формы, дзіды з двухбаковай рэтушшу, нажы, скрабкі, разцы і іншыя касцяныя і рагавыя прылады. Некаторыя формы касцяных вырабаў находнікі запазычылі ў насельніцтва нарвенскай культуры, тэрыторыю якіх яны занялі. Ад іх жа быў пераняты звычай насіць упрыгожванні з бурштыну.
На тэрыторыі Эстоніі прышэльцы асімілявалі мясцовае насельніцтва. Лічыцца, што менавіта гэты факт паслужыў вытокам у фарміраванні эстонскай народнасці. На тэрыторыі Латвіі і Паўночна-Усходняй Літвы прышлая культура сама была асімілявана мясцовай нарвенскай культурай, хоць і аказала на апошнюю значны уплыў, адно з праяўленнеў якога - нарвенскі гладкасценны посуд са скошанымі і патоўшчанымі краямі венцаў. На поўначы Беларусі плямёны находнікаў не былі шматлікімі, таму іх ўплыў быў меньш значны. Найбольш вядоіыя помнікі на тэрытрыі Беларусі - Скема, паселішчы на р. Свольна, воз. Бярэшча. |
Літаратура
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
- Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
|